Галоўны капелан Францыі пра духоўную падтрымку арміі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Будучы адначасова касцёльным дзеячам і паўнапраўным членам Узброеных Сіл, мансіньёр дэ Рамане праводзіць больш часу на палігоне, чым за пісьмовым сталом. У сваім служэнні ён часта сутыкаецца з такімі вялікімі пытаннямі, як сэнс жыцця, страх смерці, свабода, братэрства, адносіны з тэхналогіямі, трансцэндэнтнасць. З аднолькавым пастырскім клопатам ён суправаджае як простага вайскоўца, ахопленага сумненнямі, так і прадстаўнікоў глабальнай геапалітыкі. Яго задача – несці ўсюды мір, справядлівасць і міласэрнасць Хрыста.
Мансіньёр дэ Рамане стаў вайсковым ардынарыем у 2017 годзе, пасля васьмі гадоў служэння ў якасці парафіяльнага святара ў Вашынгтоне і семі гадоў у Францыі. Ён лічыць сваю пасаду "выключнай", таму што адначасова служыць і Касцёлу, і сваёй краіне. Прызначэнне ён атрымаў як ад Вярхоўнага Пантыфіка, так і ад міністра Узброеных Сіл Францыі.
Галоўны капелан непасрэдна падпарадкоўваецца начальніку Генеральнага штаба Узброеных сіл Францыі. У яго падпарадкаванні знаходзяцца 210 ваенных капеланаў – святары, дыяканы і свецкія асобы, як мужчынскага, так і жаночага полу. Капеланы нясуць службу ва ўсіх відах Узброеных Сіл: сухапутных, марскіх і паветраных войсках, жандармерыі, парыжскай пажарнай службе, марской пажарнай службе Марселя, грамадзянскай абароне і выведцы. Яны служаць у вайсковых частках, вучэльнях, шпіталях, на вайсковых базах. Капеланы размеркаваны па ўсёй тэрыторыі Францыі і за мяжой, а таксама ў тэатрах ваенных дзеянняў. У залежнасці ад абставін, іх місія можа доўжыцца як кароткі тэрмін, так і працяглы час. Яна заключаецца ў тым, каб духоўна суправаджаць усіх вайскоўцаў, ад капрала да генерала, падзяляючы іх надзённыя праблемы і дапамагаючы ў пошуках рашэнняў: ад паўсядзённых праблем да складаных этычных пытанняў.
Місія вайсковага ардынарыя заключаецца ў тым, каб быць злучальным звяном паміж капеланамі, штабамі, вайсковай адміністрацыяй і рознымі галінамі войска. Ён таксама суправаджае святарскія пакліканні, падбірае кандыдатуры свецкіх капеланаў, клапоціцца пра іх духоўнае і місійнае навучанне. Рытм дзейнасці вельмі інтэнсіўны, з частымі зменамі, нашмат вышэйшы, чым у звычайнай дыяцэзіі. Місіі часта доўжацца два-тры гады, улічваючы суровыя кліматычныя або ваенных умовы.
Іерарх падкрэсліў важнасць дасягнення і ўмацавання сапраўднага міру, які не з’яўляецца простай адсутнасцю вайны, а грунтуецца на справядлівасці і міласэрнасці. "Няма справядлівасці без міру. Няма міру і справядлівасці без прабачэння. З Хрыстом мы можам упэўнена казаць аб тым, што апошняе слова не належыць злу, якое вядзе да смерці”, - адзначыў ардынарый, заклікаючы супрацьстаяць чалавечай тэндэнцыі да панавання над светам.
На думку дэ Рамане, вайскоўцы часцей разважаюць над духоўнымі і экзістэнцыяльнымі пытаннямі жыцця, смерці, любові, веры, надзеі і міласэрнасці. Ваенная рэчаіснасць, штодзённае сутыкненне з смерцю, прымушаюць іх без прытворства задумацца над сэнсам жыцця і прычынамі, дзеля якіх трэба ахвяраваць жыццём.
Іерарх адзначыў важнасць духоўнага і рэлігійнага аспекта ў жыцці вайскоўцаў. Па яго словах, многія камандзіры карпусоў не ідуць на аперацыі без капелана і медыка, бо разумеюць важнасць адзінства цела і душы. Роля капеланаў заключаецца не толькі ў аказанні духоўнай дапамогі, але і ў забеспячэнні сэнсу і матывацыі ў экстрэмальных умовах, калі вайскоўцам трэба зразумець, што яны рызыкуюць сваім жыццём за свабоду, годнасць і абарону інтарэсаў нацыі.
Мансіньёр дэ Рамане згадаў некаторыя этычныя пытанні, звязаныя з сучаснымі відамі зброі, такімі як ядзерная, бактэрыялагічная і хімічная, а таксама аўтаномныя сістэмы смяротнай зброі і беспілотныя лятальныя апараты. Такія тэхналагічныя інавацыі ствараюць новыя складанасці, на якія часта няма адназначных адказаў.
Напрыканцы інтэрв'ю ардынарый падкрэсліў, што армія выступае як магутны плавільны кацёл інтэграцыі і братэрства, дзе вайскоўцы аб'яднаны агульным абавязкам, нягледзячы на іх паходжанне, культуру ці рэлігію. Гэтую згуртаванасць можна лічыць важным фактарам для дасягнення поспеху місіі, бо ў бітве “маё жыццё ў тваіх руках, а тваё – у маіх”.