Пастар Джэры Пілэй падчас сустрэчы з Францішкам Пастар Джэры Пілэй падчас сустрэчы з Францішкам 

Сусветная Рада Цэркваў пра агульную дату святкавання Вялікадня

Генеральны сакратар Сусветнай Рады Цэркваў пастар Джэры Пілэй з удзячнасцю ўспрыняў заклікі хрысціянскіх лідараў да ўсталявання адзінай даты святкавання Вялікадня.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нядаўна Папа Францішак на заканчэнні 58-га Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян у Базіліцы Святога Паўла па-за мурамі ў Рыме заклікаў усіх хрысціян дасягнуць прагрэсу ў пытанні агульнай даты Вялікадня.

Генеральны сакратар Рады падкрэсліў, што выказванні па гэтым надзённым пытанні знаходзяць шырокую падтрымку сярод касцельных лідараў і тэолагаў.

Пастар Пілэй падкрэсліў, што гэтыя намаганні адлюстроўваюць фундаментальнае бачанне хрысціянскай еднасці. Адказваючы на пытанне пра магчымасць удзелу Рускай Праваслаўнай Царквы ў гэтым працэсе, ён адзначыў: "Радасць ад вырашэння была б большай, калі б усе Цэрквы былі ўцягнутыя ў гэты працэс, уключаючы РПЦ. Сусветная Рада Цэркваў імкнецца да еднасці, а не да падзелу."

Варта адзначыць, што адразу пасля выказвання Папы Францішка Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І, выступаючы перад Парламенцкай Асамблеяй Савета Еўропы ў Страсбургу, таксама падтрымаў працяг братэрскага дыялогу па гэтым пытанні.
 

05 лютага 2025, 10:25