Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Ардынарыяту для каталікоў усходняга абраду ў Францыі – 70 гадоў

Створаны ў 1954 годзе Папам Піем XII для духоўнай апекі над католікамі ўсходняга абраду, якія не мелі ўласнага біскупа, Ардынарыят у Францыі стаў сімвалам еднасці паміж Усходам і Захадам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гісторыя Ардынарыята для католікаў усходняга абраду ў Францыі цесна звязана з драматычнымі падзеямі XX стагоддзя. Як паведамляе ACI Stampa, у той час многія вернікі ўсходніх традыцый вымушаны былі пакінуць свае краіны з прычыны жалезнай заслоны і шукаць рэлігійную свабоду на Захадзе.

Першым ардынарыем стаў кардынал Фельцін, арцыбіскуп Парыжа, які заснаваў большасць парафій усходняга абраду ў Францыі і прызначыў першых святароў. Сёння гэтую місію працягвае арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрыш.

Сімвалічным з'яўляецца тое, што ў алтары катэдры Нотр-Дам у Парыжы захоўваюцца рэліквіі благаслаўлёнага Уладзіміра Гікі, румына, які ўвасабляе сувязь паміж Усходам і Захадам, што заўсёды характарызавала Касцёл у Францыі.

Ардынарыят, які мае юрысдыкцыю над усімі каталіцкімі супольнасцямі ўсходняга абраду ў Францыі, акрамя армянскай, украінскай і мараніцкай, цесна супрацоўнічае з Дыкастэрыяй па справах Усходніх Цэркваў, патрыярхамі і апостальскімі візітатарамі для Еўропы, а таксама з лацінскімі дыяцэзіямі, дзе прысутнічаюць усходнія супольнасці.

Сярод задач Ардынарыята – захаванне і развіццё разнастайных традыцый Каталіцкага Касцёла, дапамога ў інтэграцыі ўцекачоў у французскае грамадства, абарона нематэрыяльнай спадчыны, якой пагражаюць палітычныя і гуманітарныя крызісы на Блізкім Усходзе.

Віцэ-ардынарыем з'яўляецца біскуп Паскаль Гольніш, які таксама кіруе арганізацыяй L'Œuvre d'Orient, што падтрымлівае Усходнія Цэрквы ў Францыі.

У гэтыя дні Пастаянная Рада епіскапату Францыі, духавенства і вернікі ўсходніх каталіцкіх Касцёлаў сабраліся разам, каб адзначыць 70-гадовы юбілей гэтай важнай структуры.
 

20 лютага 2025, 11:06