Біскуп Стамбула: перад пагрозай войнаў свет патрабуе голасу Папы
Ян Глінскі
У Эўхарыстыі, якая адбылася 19 сакавіка 2025 года, прынялі ўдзел Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І і Канстанцінопальскі Патрыярх Армянскай Апостальскай Царквы Саак ІІ.
Падчас гаміліі біскуп Масіміліяна Палінура падкрэсліў, што сёння – перад абліччам войнаў і несправядлівасці, а таксама глыбокай матэрыяльнай няроўнасці – свет вельмі патрабуе моцнага голасу Папы Францішка, які паўтарае заклік вярнуцца да найвышэйшых каштоўнасцяў: справядлівасці, міру і ўсеагульнага братэрства.
“На працягу гэтых дванаццаці гадоў, – адзначыў Апостальскі вікарый Стамбула, – Папа Францішак адважна і адкрыта заклікаў увесь Касцёл вярнуцца да прастаты Евангелля і перасцерагаў моцных гэтага свету не ісці шляхам эгаізму і прыгнёту”.
Патрыярх Барталамей, прамаўляючы да прысутных, падзяліўся, што з Папам Францішкам яго звязваюць глыбокія сяброўскія адносіны. Гаворачы на тэму развіцця экуменічных адносін, Патрыярх адзначыў: “Калі нашай канчатковай мэтай з’яўляецца дасягненне поўнай дактрынальнай і сакрамэнтальнай еднасці, то мы не можам ігнараваць любую абыякавасць і неталерантнасць у ліквідацыі неапраўданых бар’ераў і падзелаў. Адной з такіх перашкод, зняцце якой дадало б большага даверу і красамоўнасці ўсім хрысціянам у гэтым раздробленым свеце, з’яўляюцца розныя спосабы вылічэння даты Вялікадня”. Гэтае пажаданне праваслаўнага іерарха прагучала ў кантэксце сёлетняга святкавання 1700-годдзя Нікейскага Сабора, якое адбываецца ў год, калі ўсе хрысціяне будуць разам адзначаць Вялікдзень.