Катакомбы Рыма: падарожжа ў глыбіню хрысціянскай гісторыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прэзентацыя абноўленага выдання альбома "Хрысціянскія катакомбы Рыма. Гісторыя, выявы, эпіграфіка" адбылася ў Рыме. Кніга, якая ўпершыню выйшла 25 гадоў таму, цяпер утрымлівае абноўленую бібліяграфію і новыя ілюстрацыі, у тым ліку фотаздымкі нядаўна адрэстаўраваных фрэсак.
Падарожжа ў глыбіню веры і гісторыі
"Катакомбы – гэта месцы надзвычайнай актуальнасці: яны прапануюць падарожжа фізічнае, але таксама і духоўнае. Гэта месцы par excellence хрысціянскай надзеі: пілігрымы надзеі не могуць іх не наведаць", - падкрэслівае ксёндз Паскуале Якабонэ, старшыня Папскай камісіі па сакральнай археалогіі, у гутарцы з “Vatican News”.
Кароткія надпісы, знойдзеныя ў катакомбах, можна параўнаць з сучаснымі твітамі. "У некаторых выпадках факт наведвання месцаў пахавання пакутнікаў апісваўся як знак надзеі. Як кажа Папа, на самой справе катакомбы не з'яўляюцца сумнымі месцамі: пасланні, якія яны ўтрымліваюць, ніколі не бываюць змрочнымі", - тлумачыць святар.
Фрэскі надзеі ў падземным свеце
Кардынал Джанфранка Равазі, старшыня-эмерыт Папскай камісіі па сакральнай археалогіі, адзначае, што фрэскі ў катакомбах уяўляюць сабой сапраўдныя сады, паказваючы рай як сад. Ён таксама падкрэслівае значэнне катакомбаў для сучаснага Касцёла.
"Хачу нагадаць, што ў катакомбах Даміцілы быў падпісаны Пакт катакомбаў падчас Другога Ватыканскага Сабора: многія біскупы сабраліся там, каб у сэрцы Рыма аднавіць абавязацельства ўсеагульнай касцельнай супольнасці ўвасабляць у жыццё Другі Ватыканскі Сабор", - тлумачыць кардынал.
Кніга, якая выйшла ў выдавецтве “Schnell & Steiner”, прадстаўляе вынікі навуковых даследаванняў хрысціянскіх катакомбаў Рыма, адных з найважнейшых сведчанняў ранняга хрысціянства. Яна ілюструе асноўныя пытанні, звязаныя з тапаграфіяй, іканаграфіяй і эпіграфікай катакомбных помнікаў.
Адкрыццё скарбаў для пілігрымаў і рымлян
У сувязі з Юбілейным годам падрыхтаваны шэраг прапаноў для палягчэння наведвання катакомбаў пілігрымамі. Сярод іх – буклет і абноўлены вэб-сайт, прысвечаны 18 італьянскім катакомбам, а таксама Пашпарт пілігрыма, які палягчае наведванне шасці рымскіх катакомбаў, адкрытых для публікі.
"Мы хочам, каб катакомбы зноў сталі вядомымі жыхарам Рыма, якія часта іх не ведаюць, нягледзячы на тое, што жывуць у будынках над імі. Яны з'яўляюцца скарбам мастацтва, археалогіі, але перш за ўсё веры", - падсумоўвае папскі археолаг.