Свет моліцца аб выздараўленні Папы Францішка

З моманту шпіталізацыі Святога Айца ў рымскім шпіталі “Джэмэлі” 14 лютага 2025 года, вернікі па ўсім свеце, ад Еўропы да Лацінскай Амерыкі, ад Азіі да Афрыкі, моляцца аб яго хутчэйшым выздараўленні.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Свет працягвае падтрымліваць Францішка ў гэты складаны для яго час, аб’ядноўваючыся ў малітве і надзеі на яго хуткае выздараўленне.

Малітоўная салідарнасць у Італіі

Канферэнцыя Біскупаў Італіі адкрыла 10 сакавіка сваё пасяджэнне асаблівай малітвай за здароўе Пантыфіка. У многіх дыяцэзіях праходзяць ружанцовыя набажэнствы і Крыжовыя шляхі, прысвечаныя не толькі Францішку, але і ўсім хворым, усім тым, хто знаходзіцца ў шпіталях і дамах састарэлых.

Студэнты Бэтлеема даслалі Папу ліст

Моладзь Каталіцкага ўніверсітэта ў Бэтлееме напісала Францішку ліст з пажаданнямі здароўя і благаслаўлення. Яны спадзяюцца на хуткае выздараўленне Святога Айца, каб ён мог працягваць сваю місію ў абарону міру, справядлівасці і годнасці кожнага чалавека.

Малітоўная працэсія ў Буэнас-Айрэсе

У родным горадзе Папы прайшла малітоўная працэсія і вячэрняе чуванне. Аргенцінцы маліліся за свайго суайчынніка ў катэдры Буэнас-Айрэса, дзе яны сабраліся пад дэвізам “За любоў плаціць любоўю”. Асаблівая малітва за Папу пройдзе ў наступную нядзелю і ў санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі Луханскай, апякункі Аргенціны.

Падтрымка з Амерыкі, Афрыкі і Азіі

Архідыяцэзія Лос-Анджэлеса запісала відэазварот з пажаданнямі Францішку здароўя ад вернікаў, студэнтаў, святароў і настаўнікаў каліфарнійскіх каталіцкіх школ. У Афрыцы манахіні з Чаду і парафіяне Паўднёвага Судана штодня ўзносяць малітвы за Францішка. У Індыі больш за 30 тысяч вернікаў сабраліся на біблійную канферэнцыю, падчас якой маліліся за здароўе Папы. Моляцца за яго і каталіцкія супольнасці Кітая.

11 сакавіка 2025, 13:40