Святы 2025 год: у Францыі будзе выстаўлена туніка Хрыста
Ян Глінскі
Рэліквія будзе выстаўлена да 11 мая 2025 года. На працягу гэтых трох тыдняў у дыяцэзіі Валь-д’Уаз плануюць прыняць звыш 400 тысяч вернікаў. Экспазіцыя тунікі Хрыста будзе суправаджацца таксама выставамі на тэму рэліквіі ў іншых дыяцэзіях Францыі.
Паводле традыцыі, шаты Хрыста выстаўляюцца для агульнага агляду кожныя 50 гадоў. Як патлумачыў Нікаля Гуярд, даследчык Універсітэта Манпелье III, які спецыялізуецца, між іншым, у тэме рэліквій Мукі Пана, папулярнасць святой тунікі на розных этапах была розная. Так, у 1984 годзе экспанаванне тунікі не выклікала цікавасці сярод вернікаў, бо на тыя часы ў Францыі панавала меркаванне, што культ рэліквіі “не з’яўляецца найлепшым спосабам развіцця веры”. Цікавасць узрасла ў канцы 1990-х, часткова як адказ католікаў, якія шукалі сваёй ідэнтычнасці перад абліччам усё большай колькасці пратэстантаў.
Сённяшні пробашч базілікі ксёндз Гі-Эмануэль Карыё ў інтэрв’ю французскаму штодзённіку "Le Parisien" адзначыў, што прыехаў у 2015 годзе ў Аржантэй дзеля папулярызацыі святой тунікі. Дзесяць гадоў таму некаторыя парафіяне нават не ведалі пра яе існаванне. Цяпер жа ў базіліцы пяць разоў на год адбываюцца чуванні, якія спалучаюцца з ушанаваннем рэліквіі і малітвай аб аздараўленні. Многія людзі дзеляцца сведчаннямі аб атрыманых ласках падчас гэтых набажэнстваў.
Па словах пробашча базілікі, за апошняе дзесяцігоддзе быў створаны таксама сайт, прысвечаны рэліквіі, выдадзена кніга і комікс – форма, надзвычай папулярная сярод французскіх чытачоў, якая выкарыстоўваецца для прадстаўлення многіх сур’ёзных тэм.
Туніка Хрыста, таксама вядомая як бясшвовая туніка Езуса, мае памеры 122 х 90 сантыметраў, сатканая на ткацкім станку як суцэльнае палатно. Дзякуючы падабенству слядоў крыві са знойдзенымі слядамі на Турынскай плашчаніцы і на аснове шматлікіх даследаванняў, туніка лічыцца сапраўдным адзеннем Езуса, якое Ён меў на сабе ў дзень смерці. Паводле евангеліста Яна, аб гэтай туніцы жаўнеры кідалі лёсы, каб вызначыць, каму яна дастанецца.
Верагодней за ўсё, рэліквія была прынесена ў дар Карлу Вялікаму візантыйскай імператрыцай Ірынай. У Аржантэй туніка трапіла каля 815 года дзякуючы яго дачцэ Тэатрадзе, якая была настаяцельніцай мясцовага манастыра. Аднак гісторыя прысутнасці гэтай рэліквіі ў французскім горадзе задакументавана толькі з 1150 года, калі яна была знойдзена ў мясцовым бэнэдыктынскім манастыры і ўпершыню выстаўлена на ўсеагульны агляд у 1156 годзе ў прысутнасці французскага караля Людовіка VII, як адзначыў тагачасны біскуп Руана.
На дадзены момант туніка складаецца з дваццаці частак, сшытых паміж сабой. У 1793 годзе, у часы Французскай рэвалюцыі, тагачасны парафіяльны святар Аржантэі, каб схаваць рэліквію, вымушаны быў разрэзаць яе на часткі. Не ўсе фрагменты тунікі пасля былі знойдзены; адзін з іх захоўваецца ў Ватыкане.