Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Спатканні святароў адбыліся ў Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзіях. 4 сакавіка 2025 года ў Лепелі прайшла пастырская сустрэча біскупа Алега Буткевіча са святарамі, законнымі братамі і сёстрамі Віцебскай дыяцэзіі. Духавенства рэгіёна традыцыйна збіраецца менавіта тут, у касцёле святога Казіміра, "просячы заступніцтва Каралевіча, які сваім жыццём, пабожнасцю і адданасцю Богу, для нас з’яўляецца прыкладам", адзначыў ардынарый.
А 6 сакавіка ў Лідзе на чале з біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем адбыўся дыяцэзіяльны дзень засяроджання, у якім удзельнічалі звыш 100 святароў.
Прадстаўлена энцыкліка Dilexit nos па-беларуску. 6 сакавіка 2025 года падчас пастырскай сустрэчы духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі энцыкліку Святога Айца Францішка Палюбіў нас прадставіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, кніга падрыхтавана да друку ў выдавецтве Про Хрысто.
Ва ўрачыстасць святога Казіміра біскупы ўдзялілі сакрамэнт канфірмацыі ў дзвюх парафіях. 4 сакавіка 2025 года ў дамініканскай парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве першы раз у яе гісторыі біскуп Аляксандр Яшэўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі. Тут да яго прыступілі 9 асобаў. А ў парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах сакрамэнт канфірмацыі прынялі 64 вернікі. Яго ўдзяліў тут дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
Пілігрымы надзеі з Магілёўшчыны наведалі Будслаў. 1 сакавіка 2025 года ў Нацыянальны санктуарый прыбылі звыш 80 вернікаў Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў, каб разам памаліцца аб заступніцтве Маці Божай Будслаўскай. Святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Іерарх выразіў удзячнасць вернікам магілёўскай часткі архідыяцэзіі за тое, што яны, маючы сваю юбілейную святыню, знайшлі магчымасць прыехаць і ў Будслаўскі санктуарый.
Сустрэча маладых кансэкраваных асобаў прайшла ў Пінску. У канцы лютага яны сустрэліся ў будынку былой Вышэйшай духоўнай семінарыі. Кансэкраваныя асобы з розных месцаў Беларусі пабывалі на экскурсіі па былой семінарыі і катэдральнай святыні, памаліліся ля труны кардынала Казіміра Свёнтка, удзельнічалі ў святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Таксама госці слухалі канферэнцыі, наведалі мясцовыя музеі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.