Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Імяніны Мітрапаліта, рамонт Чырвонага касцёла, стан здароўя арцыбіскупа эмэрыта – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Дзеці павіншавалі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з імянінамі. 19 сакавіка 2025 года, ва ўрачыстасць святога Юзафа, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі завітаў у Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, каб раздзяліць радасць сваіх імянінаў з дзецьмі. Малодшыя наведвальнікі Місіі Добрага Самараніна павіншавалі Мітрапаліта спевам, падарылі яму паштоўку, зробленую сваімі рукамі. У той жа дзень у архікатэдральным касцёле арцыбіскуп узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, удзельнікі якой, у тым ліку Часовы павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі монсіньёр Кшыштаф Сэрока, прасілі для іерарха патрэбныя ласкі праз заступніцтва святога Юзафа.

Чырвоны касцёл у Мінску рыхтуюць да рамонту. 16 сакавіка 2025 года падчас святой Імшы пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ксёндз Франц Рудзь паведаміў, што працы пачнуцца праз некалькі тыдняў падрыхтоўкі. Напярэдадні ў прадпрыемстве "Мінская спадчына" заявілі, што ў касцёле запланаваны комплекс рамонтна-аднаўленчых работ, якія ўключаюць замену і рамонт унутраных і вонкавых інжынерных сетак і аднаўленчыя аздобныя працы. Цяпер парафія вывозіць з касцёла ўсю маёмасць.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў пра свой стан здароўя. Заслужаны іерарх 17 сакавіка 2025 года запісаў відэазварот і распавёў, што з таго часу, як у яго знайшлі анкалагічнае захворванне, меланому, і зрабілі аперацыю, мінула два гады. А цяпер, падчас кантрольнай праверкі выявілі метастазы, якія пайшлі на лёгкія. Арцыбіскуп эмэрыт, які цяпер праходзіць хімітэрапію, падзякаваў усім за малітвы і нагадаў, што вернікі перажываюць Вялікі пост, і заклікаў ахвяроўваць цярпенні за асабістае навяртанне, "за поспех людзей у іх духоўным адраджэнні, а таксама за нашу краіну", і пажадаў усім здароўя душы і цела.

У Гродне прайшоў капітул Францішканскага ордэну свецкіх. Падчас сустрэчы, якая адбылася 14-15 сакавіка 2025 года, удзельнікі абралі нацыянальнага настаяцеля, намесніка і дарадчыкаў. Таксама была прадстаўлена справаздача дзейнасці Нацыянальнай рады ордэну, адбыліся набажэнствы, канферэнцыі, дыскусіі. У першы дзень капітулу біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў святую Імшу для яго ўдзельнікаў і нагадаў у гаміліі, што свецкія францішкане пакліканы да "навяртання сэрца – глыбокай унутранай перамены, якая адбываецца дзякуючы Божай ласцы".

Пасяджэнне епіскапату прайшло ў Мінску. Сярод абмеркаваных біскупамі пытанняў на сустрэчы 18 сакавіка 2025 года – пілігрымкі ў Рым у сувязі з юбілейным годам, душпастырства беларускіх вернікаў за мяжой, зацвярджэнне "Агульнага спеўніка літургічных песняў". Таксама было абмеркавана прадстаўленне пакета дакументаў на перарэгістрацыю біскупскай канферэнцыі. Акрамя таго, епіскапат разгледзеў правядзенне Агульнабеларускіх дзён моладзі 20-22 чэрвеня ў Гродне і фэсту ў Будславе 4-5 ліпеня.

Падрыхтавана паводле catholicminsk.by, grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

22 сакавіка 2025, 09:22