Пошук

Францішак вітае біскупаў падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Францішак вітае біскупаў падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік пра здольнасць біскупаў развітвацца з супольнасцю

На паслухмянасць Святому Духу і любоў да аўчарні, як якасці кожнага біскупа, звярнуў увагу Францішак 15 мая 2018 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты.

Свае разважанні ён сканцэнтраваў вакол першага літургічнага чытання з Дзеяў Апосталаў (20,17-27), дзе гаворка ідзе пра развітанне св. Паўла з Касцёлам у Эфесе.

Папа падкрэсліў, што гэты фрагмент Святога Пісання нагадвае пра шлях, які кожны біскуп пераадольвае, калі развітваецца з даверанай яму супольнасцю. Павел склікаў старэйшых Касцёла – сёння б мы сказалі “святарскую раду”, – каб, у першую чаргу, зрабіць свайго роду рахунак сумлення, згадваючы, што зрабіў для супольнасці. Апостал пры гэтым застаецца аб’ектыўным: ганарыцца выключна сваімі грахамі і крыжам Езуса Хрыста, які збавіў яго.

Тады Павел тлумачыць, што пад натхненнем Святога Духа павінен ісці ў Ерузалем. Пантыфік адзначыў, што гаворка ідзе пра здольнасць біскупа падпарадкоўвацца Духу Божаму і бараніцца ад духа гэтага свету. Апостал ведае, што ідзе на пераслед і пакорліва давярае сябе Пану – ён біскуп, які заўсёды ідзе наперад.

Францішак дадаў, што апостал пакідае вернікам Эфесу свой духоўны запавет: яго першай вялікай любоўю з’яўляецца Хрыстус, а другой – статак. “Дбайце пра сябе і ўвесь статак” (Дз 20,28), - завяшчае ён біскупам.

Папа прызнаўся, што, чытаючы гэты ўрывак Святога Пісання, думае пра сябе. “Я прашу Пана даць мне ласку, каб мог менавіта так развітацца. У рахунку сумлення мне не атрымаецца выглядаць так пераможна, як Павел... Але Пан добры і міласэрны... Думаю пра біскупаў, усіх біскупаў. Няхай Пан дасць ласку ўсім нам, каб мы маглі так менавіта развітацца, з гэтым духам, з такой сілай, з такой любоўю Езуса Хрыста, з даверам у Святым Духу”, - завяршыў сваю гамілію Францішак.

Св. Імша ў капліцы Дому св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё
15 мая 2018, 13:21
Увесь кантэнт >