Пошук

Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дому св. Марты  (Vatican Media)

Францішак пра тры спосабы жыцця беднасцю

Існуе тры спосабы жыцця беднасцю, да якіх пакліканы хрысціянін, заўважыў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 18 лістапада 2018 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Пантыфік зазначыў, што першай формай беднасці для вучня Хрыста з’яўляецца свабода ад грошай, “беднае сэрца”. Святы Айцец пагадзіўся, што структуры і арганізацыі, “якія могуць здавацца знакам багацця”, неабходныя для апостальскай працы, але гэта інструмент, а не мэта.

“[Калі жадаеш ісці за Панам, выберы шлях беднасці, а калі маеш багацці, то гэта таму, што Пан іх табе даў, каб служыў іншым, але са свабодным сэрцам. Вучань не павінен баяцца беднасці. Больш за тое, ён павінен быць бедным]”

- дадаў Францішак.

Другой формай беднасці з’яўляецца жыццё ва ўмовах пераследу, аб якім папярэджваў Езус, кажучы сваім вучням: “Вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў”. Таксама і сёння існуе шмат хрысціян, якіх ачарняюць і пераследуюць за Евангелле, нагадаў Папа.

Францішак падзяліўся сведчаннем, якое пачуў на Сінодзе Біскупаў ад іерарха з рэгіёну, дзе хрысціяне падвяргаюцца ганенням. Гаворка ішла пра маладога верніка, якога схапіла група фундаменталістаў, катавала і прымушала адрачыся ад Хрыста. Але ён, нават перад пагрозай смерці, не зрабіў гэтага і загінуў.

“[Мы ўсе чулі гэта. І гэта гісторыя не з першых стагоддзяў! Яна адбылася два месяцы таму. Вось прыклад. Але колькі хрысціян пакутуюць сёння ад фізічнага пераследу...]”

- з горыччу сказаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў таксама пра іншыя формы пераследу: калі хрысціяне падвяргаюцца паклёпу, сустракаюцца з малымі ці вялікімі ганеннямі ва ўласных раёнах і нават парафіях, але ўсё зносяць з пакорай.

Трэцяй формай беднасці, паводле Францішка, з’яўляецца самотнасць і пакінутасць. Ён прывёў у прыклад юнакоў і дзяўчат, якія адмаўляюцца ад багаццяў дзеля Хрыста, зносяць малы ці вялікі пераслед, паклёпы, завяршаюць самотнымі свой жыццёвы шлях.

Папа ўзгадаў гісторыю св. Яна Хрысціцеля, які будучы вялікім прапаведнікам, да якога прыходзіла вялікая колькасць людзей, у канцы жыцця апынуўся ў вязніцы забыты і самотны, а потым быў забіты па прычыне слабасці караля, нянавісці распусніцы і капрызу маладой дзяўчыны.

Святы Айцец заўважыў, што сёння вялікая колькасць святароў, законнікаў і законніц, якія прысвяцілі сябе абвяшчэнню Евангелля, завяршаюць жыццё ў дамах для састарэлых, адчуваюць сябе самотнымі і забытымі. Застаюцца толькі з Панам. Тое ж спазнаў перад смерцю Хрыстус, Які звяртаўся да Айца: “Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?”.

Напрыканцы гаміліі Францішак заклікаў вернікаў маліцца за “святароў, законніц, біскупаў, Пантыфікаў, свецкіх вернікаў”, каб маглі “крочыць шляхам беднасці, як гэтага прагне Пан”.

Рэпартаж з капліцы рэзідэнцыі Папы
Навіна ў фармаце аўдыё
18 кастрычніка 2018, 12:23
Увесь кантэнт >