Францішак: жыць сапраўднай верай, а не фармальнай
5 кастрычніка 2018 г. Францішак узначаліў Эўхарыстыю ў ватыканскім Доме св. Марты. У гаміліі ён заклікаў вернікаў да рахунку сумлення, спасылаючыся на сітуацыю, апісаную ў літургічным евангельскім урыўку (Лк 10, 13-16), дзе Езус папракае жыхароў Харазіна, Бэтсаіды і Кафарнаума за тое, што не паверылі ў Яго, нягледзячы на ўсе цуды, якія адбыліся паміж імі. Хрыстус кажа, што нават язычнікі з Тыра і Сідона, пакаяліся б, калі б убачылі тое, што бачылі яны. Паводле Пантыфіка, Езус плача, бо народ быў няздольным любіць і закрыўся на Яго пасланне любові.
Святы Айцец заклікаў вернікаў паставіць сябе на месца жыхароў гэтых трох гарадоў. Будучы людзьмі, якія шмат атрымалі ад Пана, якія нарадзіліся ў хрысціянскім грамадстве, якія пазналі Езуса Хрыста, якія пазналі збаўленне і былі выхаваны ў веры, мы з лёгкасцю забываем Езуса, з жалем зазначыў ён. Адначасова Папа нагадаў пра існаванне людзей, які, толькі пачуўшы Добрую вестку, неадкладна каяцца і пачынаюць ісці за Хрыстом.
Паводле Францішка, хрысціянства нельга ператвараць проста ў звычай, бо так Евангелле будзе разумецца толькі ў якасці грамадскай ці сацыялагічнай з’явы, а не асабістых адносін з Езусам. Пры такім падыходзе хрысціянства можна параўнаць з вопраткай, якую чалавек у любы момант можа апрануць ці зняць з сябе.
, - дадаў ён.
Святы Айцец зазначыў, што такія паводзіны вернікаў можна назваць “крывадушнасцю праведных”. “Існуе крывадушнасць грэшнікаў, але крывадушнасць праведных – гэта страх перад любоўю Езуса, страх перад тым, каб адкрыцца на любоў”, - сказаў Пантыфік.
У дадзенай сітуацыі, на думку Папы, вернікі спрабуюць самі кіраваць адносінамі з Хрыстом. Маўляў, “я схажу на Імшу, а Ты заставайся ў Касцёле, калі я пайду дамоў. І Езус не вяртаецца з намі дамоў: у сям’ю, у выхаванне дзяцей, у школу, у наш квартал”. Так Езус застаецца толькі ў Касцёле, на крыжы ці на абразіку, з горыччу зазначыў Францішак.
Святы Айцец заклікаў вернікаў да рахунку сумлення адносна іх хрысціянскага жыцця, каб не жылі як язычнікі, называючы сябе хрысціянамі. “Папросім Святога Духа, каб расчыніў нашы сэрцы, каб Езус мог увайсці, каб мы пачулі Езуса” і “ўзнеслі Яму падзяку за ўсё добрае, што Ён для нас зрабіў”, - заахоціў Пантыфік на заканчэнне гаміліі.