Пантыфік: Касцёл мае ціхі характар, прыносіць плады без шуму
У гаміліі Францішак спаслаўся на літургічнае чытанне з Евангелля св. Лукі (Лк 17,20-25), у якім Езус кажа, што Божае Валадарства прыходзіць незаўважна. Менавіта такі спосаб павінен наследаваць і Касцёл. “Нявеста Хрыста мае ціхі характар”, прыносіць плады без шуму, не трубіць пра іх як фарысеі, перакананы Папа.
“Касцёл узрастае ў цішыні, незаўважна. Гэта касцёльны стыль. А як дэманструе сябе Касцёл? У добрых справах, бо людзі іх бачаць і праслаўляюць Айца, Які на нябёсах, як кажа Езус. А таксама ў цэлебрацыі, праслаўленні і ахвяры Пана, што значыць у Эўхарыстыі. Касцёл становіцца бачным у Эўхарыстыі і добрых справах”, - сказаў Пантыфік.
Францішак нагадаў, што Касцёл развіваецца не дзякуючы буйным мерапрыемствам, але праз сведчанне, малітву і дзейнасць Святога Духа. Вядома, таксама і буйныя падзеі могуць дапамагчы, але “само ўзрастанне Касцёла, які праносіць плады, адбываецца ў цішыні, у незаўважным выкананні добрых спраў і цэлебрацыі Пасхі Пана, праслаўленні Бога”, падкрэсліў Папа.
Ілюзорнасці і шоў патрабуе дух гэтага свету, і нават Езуса спрабавалі спакусіць гэтым, калі прасілі учыніць цуды, каб усе ўбачылі. Але Ён выбраў іншы шлях – прапаведванне, малітву, добрыя ўчынкі, крыж і пакуты.
“Касцёл узрастае таксама дзякуючы крыві мучанікаў, людзей, якія аддаюць жыццё. Сёння іх вельмі шмат. І дзіўна, што пра іх не кажуць у навінах. Свет хавае гэта. Дух гэтага свету не церпіць мучаніцтва і хавае яго”, - сказаў Папа ў сваёй гаміліі.