Пошук

Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Папа: суперніцтва і слабалюбства знішчаюць адзінства

Суперніцтва і славалюбства сеюць падзелы і канфлікты, падкрэсліў Папа падчас ранішняй св. Імшы, якую 5 лістапада 2018 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Францішак спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне (Лк 14,12-14), у якім Езус заклікае быць бескарыслівымі, рабіць дабро, не чакаючы адплаты. Навучанне Езуса – выразнае: не рабі дабро дзеля ўласнай карысці, не выбірай з кім сябраваць згодна з прынцыпам выгаднасці.

Пошук выгады ва ўсім, паводле Папы, гэта “форма эгаіма”. Хрыстус, аднак, кліча да бескарыслівасці, якая робіць жыццё больш шырокім. Асобы, якія пастаянна робяць селекцыю, з’яўляюцца “фактарам падзелаў” і не спрыяюць аднадушнасці, аб якой кажа апостал Павел у першым чытанні (Флп 2, 1-4), зазначыў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што падзелам садзейнічае суперніцтва, славалюбства, пляткарства. Яшчэ адна заганная з’ява – высамер’е.

“[Усё гэта можа знішчыць супольнасць, і нават сям’ю... Падумайце пра суперніцтва паміж братамі за бацькоўскую спадчыну. Такое здараецца штодня. Падумайце пра пыхлівасць, пра тых, хто хваліцца, што лепшы за іншых]”

, - сказаў ён.

Паводле Папы, хрысціянін павінен наследаваць прыклад Божага Сына, узрастаючы ў бескарыслівасці: павінен рабіць дабро не думаючы пра адплату; сеяць аднадушнасць; адмаўляцца ад суперніцтва ці славалюбства. Трэба будаваць мір з дапамогай малых жэстаў, а гэта значыць пракладаць шлях згодзе ва ўсім свеце, лічыць Францішак.

Пантыфік зазначыў, што войны і суперніцтва пачынаюцца на малым узроўні. “І мір трэба будаваць там жа: у сям’і, парафіі, установе, на працоўным месцы, заўсёды шукаючы аднадушнасці і згоды, а не ўласнай выгады”, - сказаў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі.

Рэпартаж з капліцы рэзідэнцыі Папы
Навіна ў фармаце аўдыё
05 лістапада 2018, 11:44
Увесь кантэнт >