Францішак: святары павінны быць радаснымі, як Дон Боска
Спасылаючыся на літургічны ўспамін заснавальніка Таварыства св. Францішка Сальскага, Святы Айцец заўважыў, што ў дзень прэзбітэрскага пасвячэння кс. Боска, яго маці, сціплая вясковая жанчына без тэалагічнай адукацыі, сказала яму: “Сёння ты пачнеш пакутаваць”. Яна была пераканана: там, дзе няма пакуты, штосьці не ў парадку.
“Для святара цярпенне з’яўляецца знакам, што справы ідуць у добрым кірунку”, - сцвердзіў Папа. Ён нагадаў, што Дон Боска жыў у часы актыўнай дзейнасці масонства, агрэсіўнага антыклерыкалізму, арыстакратыі, занятай толькі сваімі справамі, калі бедныя былі па-сапраўднаму беднымі і адчужанымі.
“Калі ён убачыў на вуліцах маладых людзей, аб якіх ніхто не клапаціўся, сказаў: “Так быць не можа!”. Ён глядзеў вачыма чалавека, які з’яўляецца братам і айцом, перажываў, каб гэтая моладзь не закончыла жыццё на шыбеніцы. Ён таксама меў адвагу глядзець на іх вачыма Бога і заступацца за іх перад Богам, застаючыся для пакінутай моладзі айцом і настаўнікам”, - сказаў Папа.
Францішак падкрэсліў, што святар, які прагне сузіраць рэчаіснасць вачыма чалавека і вачыма Бога, павінен прысвячаць шмат часу адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў табернакулюме.
Такое сузіранне дазволіла кс. Боска выйсці да моладзі не толькі з Катэхізісам і крыжам, указваючы юнакам і дзяўчатам, што ім трэба рабіць. Моладзь сказала б яму: “Дабранач, убачымся заўтра”, - з іроніяй заўважыў Пантыфік. Святар спадарожнічаў маладым людзям, сабраў іх у групу, як братоў, глядзеў на свет іх вачыма, плакаў разам з імі і вёў іх наперад, дадаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што душпастыр не можа быць службовай асобай, якая прымае людзей толькі ў вызначаны час. Ён заклікаў святароў, “змагацца” разам з Богам за даручаны ім статак. Гэта можа быць звязана з пакутамі ад пераследу і плётак, заўважыў Францішак.
Папа звярнуў увагу на важнасць радасці ў жыцці святара. “Калі святар не знаходзіць у сабе радасці, няхай неадкладна спыніцца і спытаецца аб прычынах гэтага. Радасць кс. Боска добра вядомая: ён з’яўляецца настаўнікам радасці. Ён вучыў радасці іншых і радаваўся сам”, - сказаў на завяршэнне сваёй гаміліі Францішак.