Пантыфік: Божае слова – не ідэалогія, а жыццё
У гаміліі Францішак спаслаўся на фрагмент Паслання да Габрэяў (Габ 3,7-14): “Глядзіце, браты, каб не было ў каго з вас ліхога сэрца бязвер’я, якое аддаляе ад Бога жывога”. Паводле яго, гэтыя словы з’яўляюцца папярэджаннем для ўсёй хрысціянскай супольнасці – біскупаў, святароў, законнікаў, – не паддавацца маладушнасці, ідэалогіям і спакусам.
Паводле Папы, “ліхое сэрца”, гэта сэрца закрытае, “якое не хоча развівацца”. Прычыны такога стану могуць быць розныя, напрыклад, пакуты. “Мы заўсёды развіваемся праз выпрабаванні, цяжкасці, ад самага маленства: вучымся хадзіць, падаючы. Ад таго моманту, калі поўзалі, да таго, калі пайшлі, колькі разоў мы падалі! Развіваемся праз цяжкасці!”, - заўважыў Папа.
Францішак звярнуў увагу, што ёсць людзі, якія перад абліччам цяжкасцей закрываюцца, не жадаюць развівацца. Выпрабаванні вядуць іх да закрытасці і маладушнасці. “Маладушнасць – гэта кепскае стаўленне хрысціяніна. Яму не хапае адвагі для жыцця і ён замыкаецца...”, - патлумачыў Пантыфік.
Каментуючы наступную рысу “ліхога сэрца” – суровасць, – Папа зазначыў, што гаворка ідзе пра закрытасць на Святога Духа, уласцівую людзям ідэалагізаваным. Суровасць – гэта закрытасць на знакі часу, пыха і высакамернасць. Суровыя людзі не слухаюць іншых, не ўмеюць весці дыялог, таму што заўсёды бароняцца з дапамогай ідэй і ідэалогій. “Як шмат зла робяць Божаму народу ідэалогіі! Таму што перашкаджаюць дзейнасці Святога Духа”, - дадаў Пантыфік.
Яшчэ адна рыса, на якую звярнуў увагу Святы Айцец, гэта няздольнасць супраціўляцца спакусам злога. Ён заўважыў, што перад абліччам спакус чалавек або навяртаецца і змяняе жыццё, або ідзе на кампраміс з грахом і вядзе падвойнае жыццё.
Францішак заклікаў вернікаў маліцца, каб не ўпасці ў малалушнасць, ідэалагізаванасць і кампраміснае хрысціянства, калі людзі называюць сябе вернікамі, хоць на самой справе з’яўляюцца нявольнікамі спакус.