Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Папа: якое месца займаюць патрабуючыя ў нашых сэрцах?

Бог пытаецца, якое месца ў нашым сэрцы займае галодны, хворы, зняволены брат, падкрэсліў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 18 лютага 2019 г. у ватыканскім Доме св. Марты.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічнае чытанне з Кнігі Быцця (4,1-15.25), у якім распавядаецца пра першае ў гісторыі братазабойства і “нязручнае пытанне” Бога да Каіна: “Дзе Абэль, брат твой?”. Каін адказаў на яго “кампрамісным” чынам: “Хіба я вартаўнік брата свайго?”

Францішак заўважыў, што ў штодзённым жыцці чалавека Бог таксама задае “нязручныя пытанні”, а “мы адказваем агульнымі фразамі, якія не кажуць нічога, але кажуць пра усё, што маем у сэрцы”, бо значна лягчэй умыць рукі і “разгрузіць сумленне дробным ахвяраваннем”.

Паводле Святога Айца, на пытанне Езуса: “Дзе брат твой?”, нельга адказаць, што галоднага накормяць у парафіяльным аддзяленні “Caritas”, хворага прымуць у бальніцы, зняволены вінаваны сам, а эксплуатацыя падначаленых апраўдваецца цяжкімі часамі.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты

Францішак нагадаў, што катэгорыі патрабуючых пералічаны ў 25-м радзеле Евангелля св. Мацвея і вернікам варта заўсёды памятаць пра іх. Клопат аб бліжніх, кажа не пра прыналежнасць да камуністычнай партыі, а пра прыналежнасць да любячага сэрца Пана. У сваю чаргу абыякавасць да пакут і патрэб людзей, вядзе да знішчальнага, “цмянага жыцця” ў граху, перакананы Папа.

Спасылаючыся на гісторыю грэхападзення, Святы Айцец нагадаў пытанне, якое Бог скіраваў да Адама: “Дзе ты?” (Быц 3,9).

“А Адам схаваўся ад сораму, ад страху. Магчыма і нам варта было б адчуць гэты сорам. Дзе брат твой? Дзе ты? У якім свеце жывеш, калі не заўважаеш гэтых рэчаў, гэтых пакут, гэтага болю? Дзе брат твой? Дзе ты? Ад рэальнасці нельга схавацца. Адкажыце адкрыта, з прыхільнасцю, нават з радасцю, на гэтыя два пытанні Пана”, - заклікаў на заканчэнне сваёй гаміліі Папа.
 

18 лютага 2019, 14:34
Увесь кантэнт >