Святы Айцец: не асуджаць іншых і дараваць
Францішак падкрэсліў, што для таго, каб не памыліцца ў жыцці, варта наследаваць Бога, характэрнай прыкметай Якога з’яўляецца міласэрнасць, настолькі бясконцая, што гатовая дараваць нават “жудасныя ўчынкі”.
Для таго, каб “быць міласэрнымі як Айцец”, Езус пакінуў нам практычныя парады. Перш за ўсё – не пляткарыць і не асуджаць. Гэта звычка, паводле Пантыфіка, пранікае ў наша жыццё так, што мы яе і не заўважаем, напрыклад, як спосаб пачаць размову: “Ты бачыў, што той зрабіў?”.
Па словах Папы, варта расці ў “мудрасці вялікадушнасці”, якая вядзе да адмаўлення ад пустаслоўя, у якім “бесперапынна асуджаем і агаворваем” і “з цяжкасцю даруем”. Езус вучыць: “Прабачайце, і прабачаць вам”.
“Менавіта такія паводзіны ўмацоўваюць стаўленне не судзіць, не абгаворваць і дараваць. Таксама міласціна з’яўляецца важнай, і не толькі матэрыяльная, але і духоўная: правесці час з кімсьці, хто ў гэтым мае патрэбу, наведаць хворага, усміхнуцца”, - падкрэсліў Святы Айцец.