Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: да вялікіх рэчаў праз вернасць у малых

Пра неабходнасць нястомнасці і паслухмянасці Святому Духу ў пошуках новых шляхоў Касцёла казаў Папа 10 мая 2019 г., падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты.

У Эўхарыстыі ўдзельнічалі сёстры з Кангрэгацыі св. Юзафа Каталенга, якія сёлета адзначаюць 50-годдзе манаскага жыцця, і некалькі эрытрэйскіх святароў, якія нясуць душпастырскае служэнне ў Італіі.

У гаміліі Францішак спаслаўся на Першае чытанне Літургіі слова з 9-га раздзела Кнігі Дзеяў Апосталаў, дзе апісваецца навяртанне св. Паўла. Ён адзначыў, што падзея стала новай старонкай у гісторыі збаўлення: Касцёл адчыніў дзверы для язычнікаў, стаў паўсюдным. Пантыфік нагадаў, што Павел быў чалавекам паслядоўным і сумленным, нават тады, калі пераследаваў хрысціян. Ён таксама быў паслухмяным, пакорлівым, не ўпартым, “адкрытым для прапаноў Бога”.

Затым Францішак звярнуўся да прысутных на св. Імшы законніц і падзякаваў ім за паслухмянасць Богу. Ён узгадаў, што амаль 50 гадоў таму наведаў адзін з дамоў Кангрэгацыі, дзе сёстры прымаюць людзей з абмежаванымі фізічнымі і разумовымі магчымасцямі.

“Нястомнасць. Гэта сігнал Касцёла. Сёння я хацеў бы падзякаваць Вам за многіх адважных мужчын і жанчын, якія рызыкуюць сваім жыццём, якія ідуць наперад, якія шукаюць новыя шляхі ў жыцці Касцёла”, - сказаў Папа. Ён дадаў, што гэтыя новыя шляхі павінны быць Божымі.

“Трэба рухацца наперад: наперад у глыбіню малітвы, у глыбіню пакоры, сэрца адкрытага на голас Бога – менавіта такім чынам адбываюцца рэальныя змены ў Касцёле, – з людзьмі, якія ведаюць, як змагацца ў малых і вялікіх рэчах”, - патлумачыў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што хрысціянін павінен мець “аднолькавую харызму рэчаў вялікіх і малых”. Ён лічыць, што не трэба палохацца вялікіх рэчаў. Усё атрымаецца, калі застанёмся вернымі ў рэчах малых.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 мая 2019, 12:22
Увесь кантэнт >