Папа: біскуп павінен быць блізкім да Бога, святароў і народа
У гаміліі Францішак папярэдзіў аб небяспецы матэрыялізму і пляткарства сярод духоўных асоб. “Калі духоўная асоба – святар, дыякан, біскуп, – пачынае прывязвацца да грошай”, ён прывязваецца да крыніцы ўсякага зла, - заўважыў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што, у першую чаргу, біскуп павінен быць чалавекам, што жыве ў блізкасці з Богам, а яго першым абавязкам павінна быць малітва. Менавіта яна дае сілы і абуджае ўсведамленне таго дару, якім ёсць святарскае служэнне.
Францішак нагадаў пра важнасць блізкасці біскупаў да святароў і дыяканаў. Ён выказаў расчараванне сітуацыямі, калі святар не можа дазваніцца да свайго біскупа ці дамовіцца з ім аб сустрэчы. “Пастыр, які адчувае блізкасць да сваіх святароў, калі ўбачыць, што святар да яго тэлефанаваў, самае позняе на наступны дзень павінен яму ператэлефанаваць, бо святар мае права ведаць, што ў яго ёсць айцец”, - сказаў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што д’ябал часта стварае падзелы, у выніку чаго ў святарскім асяродку ўзнікаюць малыя групы, заснаваныя на пэўнай ідэалогіі ці сімпатыі. Важна, аднак, каб існавала еднасць ва ўсім прэзбітэраце.
Святы Айцец таксама звярнуў увагу на важнасць блізкасці пастыраў да Божага народу. “Калі біскуп адрываецца ад Божага народу, ён трапляе ў атмасферу ідэалогіі, якая не мае нічога супольнага з служэннем, ён перастае быць служыцелем, ён забывае пра атрыманы дар”, - папярэдзіў Папа.
На заканчэнне гаміліі Францішак заклікаў вернікам спытаць сябе: моляцца яны за сваіх пастыраў, ці толькі крытыкуюць іх? “Трэба маліцца за святароў, біскупаў, каб усе мы, бо Папа – гэта таксама біскуп, былі здольныя бараніць дар, не марнаваць атрыманага дару, і рабіць гэта праз блізкасць”, - падкрэсліў Пантыфік.