Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: змагацца з анестэзіяй у духоўным жыцці

Не быць “хрысціянамі напалову”, задавальняючыся бясплённым штучным спакоем, заклікаў Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 26 верасня 2019 г. у капліцы ватыканскага Дома св. Марты.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічнае чытанне з кнігі прарока Агея (1,1-8), які заклікаў ізраільскі народ задумацца аб сваіх паводзінах і змяніць іх, працуючы на карысць адбудовы Божага дому.

Прарок імкнуўся абудзіць сэрца народа, які, па прычыне разбурэння Ерузалемскай святыні, апанавала лянота і роспач. Юдэі не мелі сіл, каб прыступіць да працы і адбудаваць храм, заўсёды адкладаючы гэта на потым. Людзі “не мелі сіл, каб узняцца, каб пачаць спачатку, не дазвалялі, каб Пан дапамог ім паўстаць”, казалі, што час яшчэ не прыйшоў, - заўважыў Папа.

“Вось драма гэтага народа, а таксама і наша драма, калі гасне дух, калі надыходзіць жыццёвая пасіўнасць, калі кажам: “Так, Пане, добра... але павальней, пакінем усё як ёсць... Зробім заўтра!”, і паўтараем тое самае заўтра, паслязаўтра, адкладаючы рашэнне аб навяртанні, аб перамене жыцця...”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак параўнаў такі стан з “смяротным спакоем”, якому ўласціва закрытасць, страх перад рызыкай, бясплённасць. Калі ёсць такая духоўная небяспека, трэба маліцца да Пана, просячы, каб не дазволіў паддацца духу “хрысціянства напалову”, каб даў абудзіцца ад духа пасіўнасці, каб змагацца з гэтай “лёгкай анестэзіяй у духоўным жыцці”, - заклікаў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 верасня 2019, 12:22
Увесь кантэнт >