Святы Айцец: любоў Бога – не з тэлесерыялаў
У гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічнае чытанне з Паслання да Рымлянаў, у якім апостал Павел сцвярджае, што нават “прыгнёт, пераслед, голад, галеча, небяспека, меч” не здолеюць адлучыць нас ад любові Хрыста. Больш за тое – “над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз Таго, хто палюбіў нас”.
Паводле Францішка, апостал глыбока зразумеў сілу Божай любові, якая не мае нічога супольнага з аргументамі, пра якія гаворыцца ў тэлесерыялах. У вернікаў, аднак, нярэдка ўзнікаюць сумневы адносна любові Бога, асабліва падчас выпрабаванняў – і яны нават гатовыя пакінуць Яго.
“Але Павел быў упэўнены, што Пан не пакіне ніколі. Ён зразумеў любоў Хрыста ў сваім жыцці. Гэта шлях, які нам паказвае Павел: шлях любові, пастаяннай, у добрай ці кепскай сітуацыі, заўсёды... Вось веліч Паўла”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Пантыфік заўважыў, што Божая любоў да людзей падобная да мацярынскай любові: яна вельмі канкрэтная і ласкавая, што пацвярджаюць слёзы Езуса, пралітыя за грэшнікаў Ерузалема.
“Гэта любоў, якая заўсёды чакае, ставіцца з цярплівасцю, якая дала апошні шанс Юду, назваўшы яго “сябрам”, якая аж да канца давала яму магчымасць выйсця. Таксама і вялікіх грэшнікаў Ён да канца любіць з той жа ласкавасцю. Не ведаю, ці думаем пра Езуса настолькі ласкавага, пра Езуса, Які плача, як плакаў ля магілы Лазара, як плакаў, гледзячы на Ерузалем...”, - падкрэсліў Святы Айцец.