Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Францішак: памятаць пра бескарыслівасць збаўлення

Усведамляць бескарыслівасць дару збаўлення і памятаць, што ніхто не можа збавіць самога сябе, - заклікаў Папа 19 снежня 2019 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты.

У гаміліі Францішак спаслаўся на два прыклады бясплоднасці, аб якіх ішла гаворка ў літургічных чытаннях: Альжбеты і маці Самсона. Ён параўнаў бясплоднасць з пустыняй, зямля якой не прыносіць плёну. Таксама і “бясплодная жанчына застаецца без нашчадкаў”. Але асобы, пра якіх
кажа Святога Пісанне, мелі моцную веру і цалкам давяралі Пану.

“Пан робіць так, каб пустыня заквітнела. Абедзве жанчыны зачалі і нарадзілі”, - нагадаў Папа. Гаворка ідзе пра нешта большае, чым просты цуд – пра “фундамент нашай веры”. “Яны абедзве зачалі, таму што Бог здольны змяніць усё, у тым ліку законы прыроды”, - сказаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што Бог заўсёды дзейнічае бескарысліва. Таму дзяцей біблійных жанчын, Яна Хрысціцеля і Самсона, можна лічыць сімвалам “бескарыслівасці Бога”, з якой нам даецца таксама збаўленне.

Святы Айцец падкрэсліў, што ніводзін чалавек не можа збавіць самога сябе, бо збаўленне заўсёды паходзіць ад Пана, адзінага “здольнага выратаваць нас з нашай мізэрнасці і жорсткасці”. Атрымаць жа збаўленне можна толькі маючы веру і давяраючы бескарыслівасці Бога.

“У гэтыя дні, напярэдадні Божага Нараджэння, будзем славіць Пана за бескарыслівасць збаўлення, за бескарыслівасць жыцця, за ўсё тое, што мы атрымалі задарма. Усё гэта – ласка!”, - заклікаў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 снежня 2019, 14:23
Увесь кантэнт >