Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (ANSA)

Папа: хрысціянская супольнасць без пакоры не мае будучыні

Толькі ў пакорным сэрцы прарасце Божы Дух, бо Ён не можа ўвайсці ў нешта пыхлівае і самадастатковае, у тое, што ўзвышаецца,- заўважыў Папа 3 снежня 2019 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на словы прарока Ісаі: “Выйдзе парастак з пня Есэевага, і атожылак з кораня ягонага прынясе плод; і спачне на ім Дух Пана, дух мудрасці і разумення, дух парады і моцы, дух пазнання і боязі Пана” (Іс 11,1). Францішак заўважыў, што гэты біблійны ўрывак усхваляе мізэрнасць і пакору, бо менавіта з іх пачалося аб’яўленне Бога ў свеце.

“У хрысціянскай супольнасці, дзе вернікі, святары, біскупы не становяцца на шлях мізэрнасці, няма будучыні, яна разваліцца. Мы назіралі гэта ў гісторыі на прыкладзе магутных праектаў: мы бачылі хрысціян, якія спрабавалі прабіваць сабе шлях праз сілу, веліч, заваяванні... Але Божае Валадарства прарастае з маленькага зерня, зерня жыцця...”, - зазначыў Пантыфік, і дадаў, што яно не можа прарасці само, без дапамогі Святога Духа.

Францішак лічыць, што вялікімі тэолагамі з’яўляюцца людзі, якія адзначаюцца не толькі ведамі ў галіне тэалогіі, але і здольнасцю набываць іх стоячы на каленях, усведамляючы сваю мізэрнасць.

Пантыфік падкрэсліў, што мізэрнасць не мае нічога агульнага з закрытасцю і страхам. Наадварот – яна робіць чалавека велікадушным і здольным рызыкаваць, бо дазваляе выйсці за свае рамкі, давяраючы Божай велічы. Ён рэкамендаваў сабраным у капліцы Дому св. Марты заўсёды пачынаць з мізэрнасці, беручы прыклад з евангельскага мытніка, які дасканала ўсведамляў свае абмежаванасць і грахі, таму і быў апраўданы.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 снежня 2019, 14:13
Увесь кантэнт >