Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Пантыфік: улада ажыццяўляецца праз паслядоўнасць і сведчанне

Як шмат шкоды робяць непаслядоўныя хрысціяне і крывадушныя пастыры, якія не наследуюць стылю Пана, - звярнуў увагу Папа падчас ранішняй св. Імшы 14 студзеня 2020 г. у Ватыкане.

Пантыфік спаслаўся на словы Евангелля св. Марка, які кажа, што Езус вучыў “як той, хто мае ўладу”. У гаміліі ён патлумачыў у чым адметнасць паміж Езусам, Які меў уладу, і кніжнікамі, спецыялістамі ў Законе, якія не былі пераканаўчымі для людзей.

Святы Айцец зазначыў, што ў тым, як Езус перамяшчаўся, вучыў, аздараўляў і слухаў – існуе паслядоўнасць. “Езус меў уладу, бо быў паслядоўным у тым, чаму навучаў, і што рабіў, у тым як жыў”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што ўлада праяўляецца менавіта ў паслядоўнасці і сведчанні.

Гэтага не было ў кніжнікаў. Таму Хрыстус заклікаў не браць з іх прыклад: рабіць, што яны кажуць, але не паўтараць іх учынкаў. Езус таксама карыстаўся нагодай і папракаў іх, бо “гэтымі сваімі паводзінамі яны трапілі ў душпастырскую шызафрэнію: казалі адно, а рабілі іншае”.

На старонках Евангелля бачна, што часам Езус “заганяў іх у вугал”, часам проста не адказваў ім, а часам называў іх крывадушнікамі. “Крывадушнасць – гэта спосаб дзеяння тых, хто мае ўладу над людзьмі – у гэтым выпадку душпастырскую ўладу, – але не з’яўляецца паслядоўным, не з’яўляецца ўладаром, не мае ўлады. А Божы народ лагодны і цярплівы. Ён зносіць шматлікіх крывадушных і шызафрэнічных пастыраў, якія кажуць, а не робяць...”, - зазначыў Папа.

Францішак падкрэсліў, што хрысціянская непаслядоўнасць з’яўляецца скандалам, але Божы народ здольны адрозніваць уладу чалавека ад ласкі намашчэння.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік заклікаў да малітвы за ўсіх ахрышчаных, каб мелі “уладу”, якая не заключаецца ў раздаванні загадаў і павышэнні голасу, але ў “паслядоўнасці, сведчанні і здольнасці станавіцца спадарожнікамі на шляхах Пана”.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 студзеня 2020, 12:44
Увесь кантэнт >