Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: бараніць дары, атрыманыя ад Пана

Бог дае свае дары бескарысліва, але мы павінны іх бараніць. Менавіта ў гэтым заключаецца святасць, - падкрэсліў Папа падчас ранішняй св. Імшы, якую 21 студзеня 2020 г. цэлебраваў у Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічнае чытанне (1 Сам 16, 1-13), якое кажа пра выбар Давіда каралём і пра яго намашчэнне. Ён заўважыў, што намашчэнне падкрэслівае выбар Бога і выкарыстоўваецца таксама сёння падчас пасвячэння прэзбітэраў і біскупаў, а таксама пры ўдзяленні сакрамэнту хросту.

Гаворачы пра абранне Давіда, Папа звярнуў увагу на словы Бога, скіраваныя да Самуэля: “Чалавек бачыць тое, што навідавоку, а Пан заглядае ў сэрца”. Пантыфік падкрэсліў, што браты Давіда, магчыма, мелі больш заслуг у барацьбе з філістымлянамі, сам Давід знешне нічым не вылучаўся, не меў тытулаў, што дасканалым чынам падкрэслівае бескарыслівасць Божага выбару.

“Калі Бог выбірае, дэманструе сваю волю і бескарыслівасць. Падумаем пра ўсіх нас, тут прысутных: чаму Пан нас выбраў? Не таму, што мы паходзім з хрысціянскай сям’і, хрысціянскай культуры... Не. Шмат людзей паходзіць з хрысціянскіх сем’яў і хрысціянскай культуры, але выракаюцца Пана, не жадаюць Яго. Дык чаму тут прысутнічаем, за што мы былі выбраныя Панам? Ні за што, ні за якія заслугі, у сілу бескарыслівасці. Пан нас выбраў бескарысліва. Мы не плацілі нічога, каб стаць хрысціянамі...”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што дарам для чалавека з’яўляецца таксама яго пакліканне да святарства, прызначэнне біскупам, але калі ён імкнецца шукаць уплывовых асоб, якія б прасоўвалі яго па кар’ернай лесвіцы – гэта не па-хрысціянску. “Дары Пана нельга купіць”, - нагадаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што ў адказ на бескарыслівасць Бога вернікі пакліканы бараніць дары, якія ад Яго атрымалі. “Мы ўсе былі намашчаны выбарам Пана; мы павінны бараніць гэта намашчэнне, якое зрабіла нас хрысціянамі, зрабіла нас святарамі, зрабіла нас біскупамі. Гэта з’яўляецца святасцю...”, - заўважыў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 студзеня 2020, 14:56
Увесь кантэнт >