Святы Айцец: не баяцца крыжа і прыніжэння
Падчас ранішняй Эўхарыстыі, якая прайшла 30 студзеня 2020 г. у капліцы ватыканскага Дома св. Марты, Папа спаслаўся на фрагмент Евангелля св. Марка (Мк 4, 21-25), у якім Езус папярэджвае: “Зважайце на тое, што чуеце. Якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана”.
“Якой мерай мераю іншых людзей? Якой мерай мераю самога сябе? Ці гэта мера шчодрая, поўная Божай любові, ці мае нізкі ўзровень? Згодна з такой жа мерай буду асуджаны, іншай не будзе: толькі тая, якую стаўлю сабе сам. Якім з’яўляецца ўзровень пастаўленай мной планкі? Ці высокі ён? Мы павінны задумацца над гэтым. Гэта можна ўбачыць не толькі па нашых добрых ці дрэнных учынках, але па звычайным ладзе жыцця”, - сказаў Папа.
Францішак заўважыў, што чалавек, які мерае іншых з эгаізмам, хто не мае міласэрнасці, хто ідзе па галовах, той і сам будзе асуджаны “без літасці”. Хрысціянскі лад жыцця цалкам супрацьлеглы гэтаму, - падкрэсліў ён.
“Як хрысціянін, я магу спытаць сябе, чым з’яўляецца арыенцір, якую меру павінен выкарыстоўваць, каб зразумець, ці мой узровень з’яўляецца хрысціянскім, ці адпавядае ён таму ўзроўню, якога ад мяне чакае Езус? Такім крытэрыем з’яўляецца здольнасць да пакоры, здольнасць цярпець прыніжэнні. Хрысціяніну, які ў сваім жыцці не ўмее зносіць прыніжэнні, чагосьці не хапае. Гэта “пафарбаваны” хрысціянін ці хрысціянін дзеля выгады”, - заўважыў Папа.
Святы Айцец патлумачыў, што менавіта такі крытэрый ужываў да сябе Езус: быў Богам, але прынізіўся аж да крыжовай смерці.
У якасці прыкладу ладу жыцця, які можна назваць “мірскім” і супрацьлеглым Хрыстоваму, Папа прывёў сітуацыі, калі святары лічаць перавод на больш “сціплую” парафію, пакараннем. Менавіта паводзіны перад абліччам прыніжэння з’яўляюцца адлюстраваннем “майго стылю”, “мірскога і прадпрымальніцкага ладу меркавання” ці хрысціянскага.
“Папросім Пана аб ласцы жыцця па-хрысціянску і асабліва аб адсутнасці страху перад крыжам, перад прыніжэннем, бо гэта шлях, які Ён выбраў, каб збавіць нас, і які гарантуе, што наша мера ёсць хрысціянскай – здольнасць несці крыж, здольнасць цярпець любыя прыніжэнні...”, - закончыў гамілію Францішак.