Папа: не хопіць ведаць, што Езус – Бог, трэба прыняць Яго шлях
Два пытанні, скіраваныя Хрыстом да вучняў: “Кім лічаць Мяне людзі?” і “А вы кім лічыце Мяне?”, сталі зыходным пунктам гаміліі падчас ранішняй св. Імшы 20 лютага 2020 г. Яна прайшла ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты.
Папа заўважыў, што Евангелле кажа пра тры галоўныя этапы пазнання Езуса, праз якія прайшлі апосталы: знаёмства, вызнанне і прыняцце Яго шляху.
Першы крок – гэта знаёмства з Хрыстом. У нашым жыцці яно ажыццяўляецца праз чытанне Евангелля, удзел у катэхізацыі і св. Імшы. Другі крок – вызнанне. Яно ўжо патрабуе дапамогі Святога Духа, бо “ніхто не можа назваць Езуса Панам і вызнаваць Яго без Святога Духа”.
Каб зрабіць трэці крок на шляху пазнання Езуса, паводле Папы, не хопіць толькі ведаць, што Ён – Бог, трэба прыняць Яго шлях. Дзеля адкуплення Езус “прынізіў самога сябе, стаў слугой, аж да смерці і смерці крыжовай”, і калі мы не прымаем гэтага шляху, “не з’яўляемся хрысціянамі: заслугоўваем таго, што Езус сказаў Пятру: “Адыдзі ад Мяне, сатана”, - падкрэсліў Пантыфік. “Калі Касцёл не крочыць гэтым шляхам – памыляецца, становіцца мірскім”, - заўважыў Францішак.
“Калі бачым шматлікіх добрых хрысціян, якія маюць добрую волю, але блытаюць рэлігію з грамадскімі паняццямі дабрыні, сяброўства; калі бачым шматлікіх святароў, якія кажуць, што ідуць за Езусам, але шукаюць ушанаванняў, раскошных, мірскіх шляхоў – яны не шукаюць Езуса, шукаюць сябе. Яны не хрысціяне. Кажуць, што з’яўляюцца хрысціянамі, але толькі на словах, бо не прымаюць шлях Езуса, шлях прыніжэння. Калі чытаем у гісторыі Касцёла пра шматлікіх біскупаў, які жылі так, і нават пра шматлікіх Пантыфікаў, якія жылі ў духу гэтага свету і не ведалі шляху прыніжэння, не прымалі яго, мы павінны запомніць: не туды дарога”, - сказаў Пантыфік.
На заканчэнне гаміліі Папа заклікаў вернікаў маліцца аб “ласцы хрысціянскай паслядоўнасці” і “наследавання Хрыста на шляху, якім прайшоў Ён”, “не выкарыстоўваць хрысціянства для кар’еры”.