Святы Айцец: дух гэтага свету павольна вядзе да вераадступніцтва
У гаміліі Францішак пракаментаваў літургічнае чытанне з Першай кнігі Валадарстваў (11, 4-13), у якім распавядаецца пра вераадступніцтва Саламона: калі ён пастарэў, жонкі схілілі яго сэрца на бок чужых багоў.
Пантыфік нагадаў, што ў тыя часы было дазволена мнагажэнства, але гэта прывяло Саламона да аслаблення сэрца, бо абіраў жонак з чужынскіх народаў, якія пакланяліся ідалам. Кароль і сам пачаў складаць ім ахвяры, а потым зусім перастаў шанаваць адзінага Бога. Яго сэрца было празмерна прывязана да жанчын, і таму “у яго ўвайшло язычніцтва”, - патлумачыў Францішак.
Ён падкрэсліў, што вераадступніцтва Саламона было паступовым падзеннем. Тое ж адбывалася з яго бацькам, Давідам, які шмат грашыў, аднак быў здольным каяцца і заставацца верным Пану. Саламон жа, які атрымаў шмат дароў ад Бога, змарнаваў усё, дазволіўшы аслабнуць свайму сэрцу. Гэта пагражае і кожнаму з нас, - папярэдзіў Святы Айцец.
Самі таго не заўважаючы, паступова падаем, усё становіцца адносным, губляем давер да Бога, забываем Пана і ўступаем у перамовы з ідаламі: грашыма, славалюбствам, пыхай. “Гэта адбываецца павольна, а калі не маем ласкі ад Бога, губляецца ўсё”, - заўважыў Папа. Ён лічыць, што сёння людзі мала-памалу ператвараюцца ў язычнікаў, наследуючы дух гэтага свету.
На заканчэнне гаміліі Францішак заклікаў маліцца, каб міласэрнасць і любоў Бога спынілі нас, калі зразумеем, што сэрца пачынае сыходзіць у нявернасць Яму.