Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (AFP or licensors)

Францішак: адказ на лютасць – маўчанне

Не ўступаць у спрэчкі з людзьмі, апанаванымі лютасцю, - заклікаў Францішак. За кожнай сітуацыяй бязлітаснасці стаіць дэман, які хоча знішчыць Божую справу, - нагадаў ён.

Падчас ранішняй св. Імшы, якую 27 сакавіка 2020 г. Папа цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, ён спасылаўся на літургічнае чытанне з Кнігі Мудрасці Саламона (2, 1а. 12-22), падкрэсліўшы, што тут дэталёва апісваюцца выпрабаванні, праз якія павінен быў прайсці Езус.

Прароцтва кажа, што бязбожнікі зробяць “пастку на справядлівага”, бо ён дакарае іх “у грахах супраць Закону”, “вінаваціць у грахах супраць іх выхавання”; што яны “правераць яго знявагаю і мукаю, каб пазнаць яго лагоднасць і выпрабаваць яго цярплівасць”; “асудзяць яго на ганебную смерць, бо, як ён кажа, паклапоцяцца аб ім”.

Пантыфік зазначыў, што ў гэтым “плане дзеянняў” бачна не проста нянавісць, а сапраўдная лютасць, якая не шкадуе сродкаў для знішчэння чалавека. Яе заўсёды сее ў чалавечым сэрцы д’ябал.

“За кожнай лютасцю стаіць дэман, які імкнецца знішчыць Божую справу. За спрэчкай ці варожасцю, магчыма, таксама знаходзіцца дэман, толькі на адлегласці, са звычайнымі спакусамі. Але, калі мы маем справу з лютасцю, дэман без сумневаў тут прысутнічае...”

, - лічыць Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што лютасці ўласціва каварства. Ён нагадаў пра хітрасць, да якой прыбягалі ў камуністычных краінах для выяўлення хрысціян: калі дзеці ішлі ў школу на наступны дзень пасля Вялікадня, настаўніца пыталася, што яны елі ўчора, і калі тыя адказвалі, што елі яйкі, станавілася ясна, што дома святкавалі Пасху, а гэта была падстава для пераследу.

Папа параіў перад абліччам лютасці наследаваць прыклад Езуса – маўчаць. Дыскутаваць з людзьмі, апанаванымі лютасцю, не мае сэнсу, бо ў іх ёсць свае неадчэпныя ідэі, пасеяныя ў іх сэрцах д’яблам.

“Калі чытаем Евангелле, уражвае, што перад абліччам усіх гэтых абвінавачванняў Езус маўчаў. Перад духам лютасці патрэбна выключна маўчанне, ніколі нельга апраўдвацца”

, - параіў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што лютасць можа праяўляцца і ў нападках, якія штодзённа здараюцца ў грамадстве, у месцах пражывання і працы.

“Папросім Пана аб ласцы змагання супраць гэтага злога духа; аб тым, каб дыскуціраваць толькі тады, калі гэта патрэбна; але перад абліччам духа лютасці, каб мець адвагу маўчаць і дазволіць прамаўляць іншым...”, - заклікаў Пантыфік.

На заканчэнне літургіі Папа правёў кароткую адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзяліў вернікам Эўхарыстычнае благаслаўленне і заклікаў усіх, хто ўдзельнічаў у св. Імшы праз сродкі камунікацыі, прыняць духоўную св. Камунію.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты
Навіна ў фармаце аўдыё

 

27 сакавіка 2020, 12:32
Увесь кантэнт >