Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі 

Францішак маліўся за тых, хто перажывае фінансавыя праблемы

Галоўным рысам сапраўднай малітвы прысвяціў гамілію Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 23 сакавіка 2020 г. цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

На пачатку літургіі Францішак заклікаў маліцца за людзей, якія перажываюць фінансавыя праблемы, выкліканыя адсутнасцю магчымасці працаваць ва ўмовах распаўсюджвання каронавіруса. “Будзем маліцца сёння за людзей, якія па прычыне пандэміі пачынаюць адчуваць праблемы эканамічнага характару, бо не маюць магчымасці працаваць, і ўсё гэта адбіваецца на іх сем’ях”, - сказаў Папа.

У гаміліі Святы Айцец пракаментаваў літургічнае евангельскае чытанне пра цудоўнае аздараўленне Езусам сына прыдворнага ў Галілеі (Ян 4,43-54).

Францішак заўважыў, што Езус папракаў людзей за недахоп веры, кажучы: “Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце”. Прыдворны, аднак, з настойлівасцю працягваў прасіць: “Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё”. Калі Хрыстус сказаў яму: “Ідзі, сын твой жывы”, гэты чалавек паверыў і пайшоў дадому.

Пантыфік заўважыў, што ў малітве важна звяртацца да Бога не толькі вуснамі, але ўсім сэрцам. Важна, каб малітва не ператварылася ў звычку, як бывае калі молімся да Пана без усведамлення, што Ён ёсць, што размаўляем з Ім, што Ён здольны вырашыць нашы праблемы. “Першая ўмова сапраўднай малітвы – гэта вера”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Рэпартаж з капліцы Дома св. Марты

Іншая рыса малітвы – вытрываласць. Пантыфік прыгадаў прыпавесці пра ўдаву, якая з настойлівасцю патрабавала ад суддзі, каб абараніў яе (Лк 18,1-8), а таксама пра чалавека, які пасярод ночы прасіў у свайго сябра хлеба (Лк 11,5-8).

“Вера і вытрываласць ідуць разам, поруч, бо калі маеш веру, тады ўпэўнены, што Пан дасць табе тое, пра што просіш. А калі Пан кажа табе чакаць, стукай, стукай, і ўрэшце Ён дасць табе ласку. Але Пан не робіць гэтага, каб зацікавіць нас Сабой, маўляў “няхай яшчэ пачакае”... Ён робіць гэта для нашага дабра, каб мы сур’ёзна ставіліся да справы, каб мы сур’ёзна ставіліся да малітвы...”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Трэцяй рысай сапраўднай малітвы, якой, паводле Францішка, Пан чакае ад нас, з’яўляецца мужнасць. Папа нагадаў як Майсей з адвагай заступаўся перад Богам за няверны народ, а таксама пра мужнасць Абрагама, калі той “вёў перамовы” з Богам, спрабуючы выратаваць Садому.

“Вера, вытрываласць і мужнасць. У гэтыя дні, калі трэба больш маліцца, задумаемся, ці молімся мы так: з верай у тое, што Пан можа ўмяшацца, з вытрываласцю і мужнасцю. Пан не расчаруе. Ён можа прымусіць нас пачакаць, Ён мае свой час, але Ён не расчаруе”, - закончыў гамілію Святы Айцец.

Францішак завяршыў літургію адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, заклікаючы вернікаў, якія глядзелі тэлетрансляцыю, да прыняцця духоўнай св. Камуніі.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 сакавіка 2020, 11:35
Увесь кантэнт >