Папа маліўся за людзей, якія падтрымліваюць жыццё грамадства
На пачатку літургіі, якая трансліравалася ў прамым эфіры ватыканскімі СМІ, Святы Айцец скіраваў свае думкі да шматлікіх людзей, дзякуючы якім у перыяд надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавіруса, працягвае функцыянаваць грамадства.
“Сёння разам з усімі вамі я хацеў бы скіраваць асаблівую малітву за тых людзей, якія сваёй працай забяспечваюць функцыянаванне грамадства: працаўнікоў аптэкаў, супермаркетаў, грамадскага транспарту, паліцэйскіх. Будзем маліцца за ўсіх, хто працуе, каб у гэты нялёгкі перыяд не спынялася жыццё грамадства, жыццё гарадоў”, - сказаў Папа.
Каментуючы літургічны евангельскі ўрывак пра сустрэчу Езуса з самаранскай жанчынай (Ян 4,5-42), Францішак заўважыў, што менавіта ў дыялогу з ёй Хрыстус упершыню адкрыў сваю тоеснасць. Ён зрабіў гэта перад грэшніцай, якая наважылася прадстаць перад Ім у праўдзе, а потым пайшла сведчыць пра Яго перад сваімі суайчыннікамі, бо “немагчыма быць вучнямі Езуса без праўды пра саміх сябе”.
Папа заўважыў, што Хрыстус прагне шчырага і празрыстага дыялогу з людзьмі. Так, “дзякуючы сіле Святога Духа”, яны змогуць адкрыць ісціну пра тое, што Ён – Пан і Збаўца, што прыйшоў збавіць нас і будуць абвяшчаць гэтую праўду іншым.