Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа духавенству: на чыім баку мы стаім – эліт ці Божага народа?

Каментуючы сённяшняе Евангелле (Ян 7, 40-53), Папа падзякаваў святарам і законнікам за дапамогу бедным і хворым. Божы народ, хоць і грэшны, мае дар адчуваць шляхі збаўлення і справы Бога, - лічыць ён.

Духоўныя асобы не могуць быць элітай, замкнёнай у рэлігійным служэнні, аддзеленай ад народа, ніколі не могуць забыцца, што яны належаць народу і служаць яму, - падкрэсліў Святы Айцец 28 сакавіка 2020 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі.

Спасылаючыся на спрэчкі вакол асобы Езуса, апісаныя св. Янам, Францішак заўважыў, што ёсць людзі, якія любяць Хрыста, ідуць за Ім, і група інтэлектуалаў, кніжнікаў, кіраўнікоў Ізраіля, якія Яго не прызнаюць. “Яны былі выдатнымі, разумнымі людзьмі. Але мелі вялікі недахоп: страцілі памяць пра сваю прыналежнасць да народа”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Папа нагадаў, што Божы народ, хоць і грэшны, мае дар адчуваць шляхі збаўлення і справы Бога. А эліты трапілі ў існуючы ўжо ў той час клерыкалізм.

“Давайце падумаем, кожны з нас, на чыім баку мы стаім, стаім пасярэдзіне, нявызначана, ці носім у сабе пачуцці Божага народа, вернага Божага народа, які не можа памыліцца: ён мае своеасаблівую беспамылковасць веры. І падумайце пра эліты, якія аддзяляюцца ад Божага народа, пра клерыкалізм”, - параіў духавенству Святы Айцец.

Пасля св. Імшы прайшла кароткая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Францішак удзяліў Эўхарыстычнае благаслаўленне і заклікаў вернікаў, якія ўдзельнічалі ў трансляцыі літургіі, да прыняцця духоўнай св. Камуніі.

Запіс трансляцыі св. Імшы з Папам
Навіна ў фармаце аўдыё
28 сакавіка 2020, 14:31
Увесь кантэнт >