Папа падчас ранішняй св. Імшы: даруй, каб Бог дараваў табе
“Хацеў бы, каб мы сёння маліліся за пажылых людзей, якія перажываюць гэты перыяд асабліва балюча, з глыбокай унутранай адзінотай, а часам і з вялікім спалохам. Будзем прасіць Пана быць побач з нашымі бабулямі і дзядулямі, усімі пажылымі людзьмі, і даць ім сілы. Яны пераказалі нам мудрасць, жыццё і гісторыю. Мы таксама блізкія да іх у малітве”, - сказаў на самым пачатку Святы Айцец, звяртаючыся да тых, хто ўдзельнічаў у трансляцыі Эўхарыстыі.
У гаміліі Францішак узняў пытанне прабачэння, пра якое гаворыцца ў сённяшнім урыўку Евангелля св. Мацвея (18, 21-35), дзе Езус, адказвае на пытанне Пятра: колькі разоў трэба прабачаць?
Папа заўважыў, што ў рэдакцыі св. Мацвея Езуса, перад словамі пра прабачэнне, нагадаў вучням пра неабходнасць клопату аб адзінстве, сяброўстве і міры паміж братамі, звязанымі з дабрынёй Бога. Менавіта ў гэтым кантэксце Пётр задае пытанне: “Колькі разоў я павінен прабачаць?”. І Настаўнік адказвае словам, якое на арамейскай мове азначае “заўсёды” – “семдзесят сем разоў”.
Пантыфік заўважыў, што перашкодай для прабачэння часта з’яўляецца наша эгаістычнае сэрца, прывязанае да нянавісці, помсты, крыўды. “Мы ўсе сустракалі сем’і, разбураныя нянавісцю, якая пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Браты, якія не вітаюць адзін аднаго перад труной аднаго з бацькоў, таму што хаваюць старыя крыўды. Здаецца, прыхільнасць да нянавісці мацнейшая за любоў, і гэта скарб – скажам шчыра, – д’ябла. Ён заўсёды хаваецца паміж нашымі крыўдай і нянавісцю, прымушаючы іх расці і несці знішчэнне”, - падзяліўся Францішак.
Вынікам гэтага ўсяго, на думку Папы, з’яўляецца знішчэнне Бога, Які не асуджае, а даруе. “Калі Бог даруе нам, Ён забывае ўсё зло, якое мы зрабілі. Хтосьці сказаў: “Гэта хвароба Бога” – Ён не памятае, у такіх выпадках страчвае памяць. Бог перастае памятаць пра дрэнную гісторыю многіх грэшнікаў, пра нашы грахі. Ён даруе нам і ідзе далей. І просіць нас толькі аб адным: “Зрабіце тое ж: навучыцеся дараваць”, не нясіце гэтага бясплоднага крыжа нянавісці і крыўды”, - звярнуў увагу Пантыфік.
“Здаецца, багацце д’ябла складаецца ў тым, каб сеяць любоў да недаравання, жыццё ў прыхільнасці да непрабачэння. А прабачэнне – гэта ўмова ўваходу ў рай”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа спаслаўся на прыпавесць пра бязлітаснага слугу. “Няхай Пан навучыць нас мудрасці даравання, што няпроста. І зробім адно: калі ідзём на споведзь, каб прыняць сакрамэнт прымірэння, давайце спачатку спытаем сябе: “Ці прабачаю?”. Калі адчуваю, што не, я не павінен рабіць выгляд, што прашу прабачэння, бо не атрымаю яго. Прасіць прабачэння, азначае дараваць іншым. (...) І тыя, хто просіць прабачэння для сябе, як слуга, якому кароль даруе ўсё, але не даруюць іншым, апынуцца ў сітуацыі слугі. “Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму”, - нагадаў Францішак словы Евангелля.
“Няхай Пан дапаможа нам зразумець гэта і схіліць галаву, не заставацца ганарыстымі, быць шчодрымі ў прабачэнні. Прабачыць хаця б на сваю карысць. Як гэта магчыма? Так: даруй, бо калі ты не даруеш, не даруюць табе. Хаця б такім чынам, але гэта заўсёды прабачэнне”, - сказаў Святы Айцец, завяршаючы гамілію.