Пошук

Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты  (Vatican Media)

Францішак: Божая вернасць заўсёды апярэджвае нас

Гамілію падчас ранішняй Эўхарыстыі 15 красавіка 2020 г., якая трансліравалася з капліцы Дома св. Марты, Францішак прысвяціў самаадданай і шчодрай вернасці Бога свайму народу.

У пачатку Папа спаслаўся на сваё ўчарашняе разважанне, прадметам якога стала вернасць Марыі Магдалены Хрысту. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра “вернасць Богу вернаму”.

“Наша вернасць – гэта выключна адказ на вернасць Бога, Які застаецца верным свайму слову, сваім абяцанням, ідучы з сваім народам”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што верны Бог здольны стварыць усё нанова, як гэта рабіў з кульгавым ад нараджэння; Ён лечыць і суцяшае свой народ. Яго вернасць выяўляецца ў ініцыятыве новага стварэння, больш цудоўнай за справу першага стварэння. Бог працуе нястомна і не баіцца цяжкасцей, бо Ён застаецца пастырам, Які ідзе ў пошуках згубленай авечкі, робіць надзвычайныя рэчы, паколькі ім рухае вернасць і бескарыслівасць.

“Гэта вернасць самаадданая, гэта вернасць шчодрая. Гэта вернасць айца, які шматразова выходзіць на ганак, спадзеючыся вяртання сына. Божая вернасць – гэта свята, гэта радасць, такая вялікая радасць, што прымушае нас рабіць так, як той кульгавы: увайсці ў храм, скакаць, пакланяцца Богу”

, - адзначыў Францішак.

Папа падкрэсліў, што вернасць Бога цярплівая ў адносінах да чалавека, прыслухоўваецца да яго, вядзе, тлумачыць, а таксама, як у выпадку двух вучняў, якія адправіліся з Ерузалема ў Эмаус, распальвае сэрца, каб вярнуцца дадому. Менавіта Божая вернасць шукала і знайшла Пятра пасля яго адрачэння.

“Божая вернасць заўсёды апярэджвае нас, і наша вернасць заўсёды з’яўляецца адказам на Яго вернасць”, - заўважыў Святы Айцец, падсумоўваючы гамілію.

Запіс трансляцыі ранішняй св. Імшы (15.04.2020)
15 красавіка 2020, 13:24
Увесь кантэнт >