Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі 

Пантыфік: дзяліцца верай – гэта не тое ж, што пераконваць

У гаміліі падчас ранішняй св. Імшы Францішак спаслаўся на літургічны ўспамін св. Марка. Папа заклікаў вернікаў разгарнуць і пачытаць сёння яго Евангелле: вельмі простае, кароткае, першае з напісаных.

“Калі ў вас будзе сёння крыху часу, вазьміце яго ў рукі і прачытайце. Яно не доўгае. Мне вельмі падабаецца тая прастата, з якой Марк распавядае пра жыццё Пана”, - сказаў Святы Айцец 25 красавіка 2020 г.

Каментуючы евангельскае чытанне (Мк 16,15-20), Пантыфік нагадаў, што перад унебаўшэсцем Езус аб’явіўся вучням і заклікаў іх абвяшчаць Евангелле ўсякаму стварэнню.

“Гэта місійнасць веры. Вера або застаецца місійнай, або перастае быць верай. Вера – гэта не толькі нешта выключна для мяне, каб я ўзрастаў у ёй. У такім выпадку мы маем справу з гнастычнай ерассю. Вера заўсёды прымушае выйсці за свае рамкі. Выйсці, каб перадаваць веру. Веру трэба перадаваць, трэба дарыць, асабліва праз сведчанне”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што ў сучасным свеце хрысціянам не хапае місійнасці, вынік чаго – вялікая колькасць агностыкаў. Вера не павінна быць “ціхай”, яна патрабуе прыкментнасці ў соцыуме: без празелітызму, дзякуючы сведчанню і служэнню.

“Служэнне – гэта лад жыцця: калі кажу, што я хрысціянін, а жыву як язычнік, гэта дрэнна! Не пераканаю нікога. Калі называю сябе хрысціянінам і жыву па-хрысціянску – гэта прываблівае. Гэта і ёсць сведчанне”

, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што веру трэба перадаваць не для таго, каб пераканаць іншых людзей, але каб падзяліцца яе скарбам. Таму сведчанне веры патрабуе пакоры, згодна са словамі св. Пятра: “Умілаваныя: Апраніцеся ўсе ва ўзаемную пакору, таму што Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку” (1П 5, 5).

Папа заклікаў сведчыць аб веры з упэўненасцю ў блізкасці Бога. “Калі перадаецца ідэалогіі, побач знаходзяцца настаўнікі, калі дзялюся верай – мяне суправаджае сам Пан. (...) Ён гэта паабяцаў: “Я буду з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння свету”, - нагадаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў жыць верай з адкрытасцю і празрыстасцю, каб людзі маглі атрымліваць збаўчае евангельскае пасланне.

Падчас Эўхарыстыі, якая трансліравалася ў прамым эфіры з капліцы Дома св. Марты, Папа маліўся за работнікаў сферы рытуальных паслуг, якія ў гэты час асаблівым чынам сутыкаюцца з болем, што прынесла чалавецтву пандэмія каронавіруса.
 

25 красавіка 2020, 11:07
Увесь кантэнт >