Пошук

Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі 

Папа: Бог памятае пра свой запавет і застаецца верным яму

Выбранне, абяцанне, запавет – на тры вымярэнні хрысціянскага жыцця звярнуў увагу Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 2 красавіка 2020 г. цэлебраваў у капліцы Дома св. Марты.

У гаміліі Святы Айцец спаслаўся на літургічныя чытанні з Кнігі Быцця (17, 3-9) і Евангелля св. Яна (8,51-59), цэнтральнымі тэмамі якіх з’яўляюцца: асоба Абрагама, запавет з Богам і місія Езуса, Які прыйшоў абнавіць стварэнне, прабачаючы чалавеку грахі.

Францішак нагадаў, што Бог заўсёды памятае пра свой запавет. Ён не забывае нічога. Не памятае толькі пра нашы грахі, пасля таго як прабачыць іх. “Яго вернасць – гэта памяць... Яго вернасць Абрагаму – гэта памяць пра абяцанні, якія даў”, калі выбраў яго і заключыў запавет плоднасці, - сказаў Папа.

“Выбранне, абяцанне і запавет – тры вымярэнні жыцця верай, тры вымярэнні хрысціянскага жыцця: кожны з нас з’яўляецца выбраным. Ніхто не выбраў быццё хрысціянінам сярод іншых магчымасцей, якія прапануе рэлігійны “рынак”. Кожны быў выбраны...”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Мы з’яўляемся хрысціянамі таму што былі выбраныя Богам і атрымалі абяцанне плоднасці, на якое павінны адказаць вернасцю запавету”, - дадаў Папа.

“Вось тое аб’яўленне, якое Божае слова прапануе сёння адносна нашага хрысціянскага жыцця. Няхай яно будзе такім, як жыццё Абрагама: свядомым выбрання, радасным на шляху да абяцання, верным у выкананні запавету”, - пажадаў Святы Айцец, завяршаючы гамілію.

Пасля св. Імшы прайшла кароткая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Францішак удзяліў Эўхарыстычнае благаслаўленне і заклікаў вернікаў, якія ўдзельнічалі ў прамой трансляцыі літургіі, да прыняцця духоўнай св. Камуніі.
 

02 красавіка 2020, 12:14
Увесь кантэнт >