Пошук

Пакліканне св. Пятра і св. Андрэя. Лука Джардана (1690) Пакліканне св. Пятра і св. Андрэя. Лука Джардана (1690) 

Папа: кожны мае сваю “Галілею” – месца першай сустрэчы з Панам

Езус дапамагае не забывацца пра свежасць першага паклікання і захапленне, якое Божае слова выклікала ў сэрцы на самым пачатку нашага хрысціянскага шляху, - падкрэсліў Папа.

Падчас ранішняй Эўхарыстыі, якая 27 красавіка 2020 г. прайшла ў ватыканскім Доме св. Марты, Пантыфік заклікаў маліцца аб дзеячах мастацтва, каб сваёй творчасцю ўказвалі шлях, якім трэба ісці.

У гаміліі Францішак пракаментаваў літургічнае чытанне з Евангелля св. Яна (6,26-29), у якім Езус заклікаў клапаціцца “не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае”, якую толькі Сын Божы можа дасць.

Папа заўважыў, што спачатку людзі прыходзілі да Хрыста, каб пачуць Яго слова, прасіць аб выздараўленні, але пасля цуду памнажэння хлябоў, яны палічылі, што Езус можа стаць добрым народным лідарам, і вырашылі зрабіць Яго сваім каралём. “У той момант яны забыліся пра захапленне, якое Божае слова выклікала ў іх сэрцах”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што Хрыстус заўсёды з цярплівасцю папраўляў паводзіны людзей, якія забыліся пра “духоўнае суцяшэнне”, спазнанае на самым пачатку, якія сышлі з евангельскага шляху і ўсталі на шлях гэтага свету. Так адбываецца і з намі, калі забываемся пра захапленне, якое выклікала ў нас Божае слова, калі губляем “свежасць першага паклікання”, - папярэдзіў Святы Айцец.

“У жыцці мы заўсёды будзем мець спакусу аддаліцца, пабачыўшы штосьці іншае”, але Езус дапамагае нам вярнуцца да таго, што адчувалі падчас першай сустрэчы з Ім. Гэта ласка, аб якой трэба прасіць у малітве, - заўважыў Папа.

Пантыфік прыгадаў словы, якія Хрыстус прамовіў жанчынам у велікодную раніцу: “Паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там Мяне ўбачаць” (Мц 28,8). “Гэта было месца іх першай сустрэчы. Кожны з нас мае сваю “Галілею”, той момант, калі Пан Езус наблізіўся да нас і сказаў: “Ідзі за мной”, - звярнуў увагу Францішак.
 

27 красавіка 2020, 10:48
Увесь кантэнт >