Пакліканне св. Пятра і св. Андрэя. Караваджа (1603-1606) Пакліканне св. Пятра і св. Андрэя. Караваджа (1603-1606) 

Папа: малітва Езуса зрабіла з Пятра мужнага апостала

Пятру і яго шляху пераўтварэння з баязліўца ў сапраўднага героя і сведку Хрыста, - прысвяціў Францішак гамілію падчас ранішняй Эўхарыстыі 23 красавіка 2020 г. у капліцы Дома св. Марты.

Пантыфік пракаментаваў літургічнае чытанне з Кнігі Дзеяў Апосталаў (5, 27-33) і звярнуў увагу на мужнасць св. Пётра, што адкрыта папракаў першасвятароў у забойстве Езуса, кажучы: “Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве”.

Апосталы маглі б пайсці на кампраміс з першасвятарамі, маглі б паабяцаць, што не будуць іх абвінавачваць публічна ў замен на сваё спакойнае існаванне. Францішак нагадаў, што на працягу гісторыі Касцёлу неаднойчы прыходзілася ісці на кампрамісы, каб ратаваць Божы народ, і, нярэдка, кіраўніцтва. Але апосталы абралі іншы шлях. Пётр мужна сказаў: “Ніякіх кампрамісаў. Вы – вінаватыя”, - перафразаваў Пантыфік.

Першы з апосталаў быў гарачым чалавекам, які моцна любіў Бога і якому было дадзена пазнаць, што Езус – гэта Хрыстус, Сын Божы. Але яму таксама быў уласцівы страх. Пётр быў “нестабільным” – вельмі шчодрым, але і вельмі слабым, - зазначыў Папа.

Каб патлумачыць, якім чынам Пётр ператварыўся ў мужнага апостала, Францішак нагадаў, што напярэдадні мукі Езус паабяцаў яму сваю малітву, кажучы: “Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера” (Лк 22,32). “Вось таямніца Пятра: малітва Езуса”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Тое, што Езус зрабіў для Пятра, Ён робіць і для ўсіх нас. Езус моліцца за нас, моліцца перад Айцом. Мы прызвычаіліся прасіць Езуса аб ласках, аб дапамозе, але мы не навучыліся сузіраць Езуса, Які паказвае Айцу свае раны, сузіраць Езуса, Які заступаецца, моліцца за нас. Пётр змог прайсці гэтым шляхам ад баязліўца да мужнага чалавека, дзякуючы дару Духа Святога, які атрымаў праз малітву Езуса”, - заўважыў Францішак.

“Задумаемся над гэтым. Звернемся да Езуса, дзякуючы за Яго малітву за нас. Езус моліцца за кожнага з нас. Езус – заступнік. Езус пажадаў забраць з сабой раны, каб быць з імі перад Айцом. Гэта кошт нашага збаўлення. (...) Мы павінны больш давяраць малітве Езуса, чым сваёй…”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

23 красавіка 2020, 12:01
Увесь кантэнт >