Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Францішак: улада добрага пастыра – служэнне

Хрыстус прагнуў блізкасці з людзьмі і хацеў, каб вучні мелі сэрцы пастыраў, - заўважыў Папа падчас ранішняй св. Імшы, якую 24 красавіка 2020 г. цэлебраваў у Ватыкане.

У гаміліі Францішак пракаментаваў літургічнае чытанне з Евангелля св. Яна (6, 1-15), у якім апавядаецца пра цуд памнажэння хлябоў, які Хрыстус учыніў на беразе Тыберыядскага мора.

Выпрабоўваючы апосталаў, Езус спытаўся: “Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?”. Ён хацеў паказаць вучням, што яны павінны служыць людзям. У Евангеллі ўзгадваецца пра мноства жэстаў, якімі Езус дапамагаў апосталам узрастаць, станавіцца пастырамі Божага народа, сапраўднымі біскупамі, - зазначыў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што Езусу падабалася знаходзіцца сярод людзей, бо гэта было таксама “сімвалам паўсюднасці адкуплення”. Вучні, аднак, аддавалі перавагу таму, каб знаходзіцца з Панам без людзей. Калі вакол Езуса пачаў збірацца натоўп, яны падумалі, што такім чынам будзе сапсаваны іх адпачынак.

Хрыстус прагнуў, каб вучні мелі сэрцы пастыраў, блізкіх да Божага народа, каб служылі яму. Яны, аднак, лічылі сябе прывілеяванымі, выбранымі, лічылі, што прыналежаць да выбранага кола, можна сказаць “шляхты”. Езусу прыходзілася карэктаваць іх паводзіны.

Францішак зазначыў, што пастыр можа стаміцца ад Божага народу. Ён распавёў як у адным невялікім горадзе пробашч марыў толькі пра тое, каб замураваць дзверы і вокны свайго дому і пабыць у спакоі, бо людзі часта прыходзілі да яго. “Ён не ўсведамляў, што быў пастырам і павінен быў знаходзіцца з людзьмі. А Езус выхоўваў, вучыў вучняў, вучыў апосталаў гэтаму пастырскаму захаванню – блізкасці да Божага народа”, - дадаў Святы Айцец.

Апосталы хацелі, каб Езус адправіў народ за ежай, а самі маглі застацца з Ім, але Хрыстус адказаў ім: “Вы дайце ім есці”. “Гэта тое, што Езус кажа сёння ўсім пастырам: “Вы дайце ім есці”. “Яны непакояцца? – Вы дайце ім суцяшэнне”. “Яны разгубленыя? – Вы дайце ім промень святла.”. “Яны памыляюцца? – Вы дайце ім рашэнне праблемы…”, - сказаў Папа. Ён падкрэсліў, што для выканання такога служэння пастырам трэба прабываць у малітоўнай еднасці з Богам.

Францішак нагадаў, што пасля цуда памнажэння хлябоў, людзі хацелі зрабіць Езуса сваім каралём, але Пан паказаў, што гэта не Яго шлях. “Улада пастыра – гэта служэнне, а калі пастыр памыляецца ў гэтым і пачынае шукаць іншай улады – ён знішчае пакліканне і становіцца кіраўніком душпастырскай ініцыятывы, а не пастырам”, - падкрэсліў Папа.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік заклікаў маліцца за пастыраў Касцёла, каб яны не баяліся Божага народа і блізкасці з Божым народам.
 

24 красавіка 2020, 11:15
Увесь кантэнт >