Пошук

Чарга ў сталоўку для бедных у Неапалі. Ілюстрацыйнае фота Чарга ў сталоўку для бедных у Неапалі. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Айцец: бедныя сталі часткай гарадскога дэкору

Не ігнараваць бедных, бо падчас Апошняга суда Бог праігнаруе нас, - папярэдзіў Папа. Ён звярнуў увагу на з’яву схаванай беднасці, вынік несправядлівай эканамічнай і фінансавай палітыкі.

У гаміліі падчас ранішняй св. Імшы 6 красавіка 2020 г. Францішак спаслаўся на літургічнае чытанне з Евангелля св. Яна (12, 1-11), у якім апавядаецца як Марыя, сястра Лазара, намасціла ногі Езуса і абцерла сваімі валасамі. Гэты ўчынак выклікаў крытыку Юды Іскарыёта, які абурыўся і сказаў: “Чаму не прадалі гэтага пахучага алею за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?”. Езус адказаў яму: “Пакінь яе; яна захавала гэта на дзень Майго пахавання. Убогіх заўсёды маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце”.

Папа заўважыў, што Юда сказаў так не таму, што яго турбаваў лёс бедных; ён быў злодзеем і, маючы каліту, забіраў сабе тое, што туды кідалі. Паводле Францішка, так нярэдка бывае і ў наш час: многія дабрачынныя арганізацыі маюць празмерна вялікі штат супрацоўнікаў і большая частка сродкаў, сабраных для бедных, ідзе на ўтрыманне іх структуры. “Гэта спосаб прысвойвання сабе грошай бедных”, - сказаў Пантыфік.

Каментуючы адказ Езуса, Святы Айцец засяродзіў увагу на словах: “Убогіх заўсёды маеце пры сабе”. Ён заўважыў, што таксама і сёння шмат бедных, яўных і схаваных. Мы іх не заўважаем, паддаючыся культуры абыякавасці, якой уласціва адмаўленне існавання беднасці. Бедныя, аднак, ператварыліся ў неад’емную частку гарадскога дэкору, на падабенства вулічных скульптур, - з жалем канстатаваў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што часта беднасць з’яўляецца вынікам несправядлівай эканамічнай і фінансавай палітыкі. Яе ахвяры саромеюцца свайго стану, імкнуцца не паказваць таго, што ім не хапае грошай, каб дацягнуць да канца месяца, і, хаваючыся, звяртаюцца ў “Caritas” за дапамогай.

“Тое, што сказаў Езус – гэта праўда: “Убогіх заўсёды маеце пры сабе”. Але ці бачу іх я? Ці ўсведамляю існаванне гэтай рэчаіснасці, асабліва схаванай рэчаіснасці, людзей, якія адчуваюць сорам, каб прызнацца, што не дацягнуць да канца месяца?”, - спытаў Папа.

Францішак нагадаў, што “мы будзем асуджаны паводле нашага стаўлення да бедных”. “Калі я сёння ігнарую бедных, праходжу міма, раблю выгляд, што іх не існуе, тады Пан праігнаруе мяне ў дзень суда. Калі Езус сказаў: “Убогіх заўсёды маеце пры сабе”, Ён хацеў звярнуць увагу: “Я заўсёды буду з вамі ў бедных. Буду прысутным у іх”. І гэта не камунізм, гэта сутнасць Евангелля…”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.
 

06 красавіка 2020, 12:22
Увесь кантэнт >