Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Францішак: Езус – Пастыр і Адкупіцель усіх

Езус памёр за ўсіх – нават за тых, хто не верыць у Яго ці з’яўляецца вызнаўцам іншых рэлігій, падкрэсліў Папа падчас ранішняй св. Імшы, якую цэлебраваў 4 мая 2020 г. у Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік пракаментаваў літургічнае чытанне з Кнігі Дзеяў Апосталаў (11, 1-18), у якім распавядаецца як Пётр, якога браты папракалі за тое, што хадзіў да язычнікаў і еў з імі, сцвердзіў, што Святы Дух сышоў таксама на іх.

Францішак падкрэсліў, што Пятром кіраваў Святы Дух. У Касцёле, аднак, заўсёды прысутнічае тэндэнцыя лічыць справядлівымі сябе, а іншых – грэшнікамі. Гэта хвароба Касцёла, якая ўзнікае ў лоне ідэалогій і “рэлігійных партый”, перакананы Папа.

Паводле Францішка, мірское мысленне прыводзіць да такой інтэрпрэтацыі Божага закона, калі пэўная ідэя становіцца больш важнай за адкрытасць на дзейнасць Святога Духа.

Пантыфік зазначыў, што Бог прагне адзінства ў Касцёле. Ён спаслаўся на літургічнае чытанне з Евангелля св. Яна (10,11-18), у якім Езус кажа: “Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр”.

Францішак падкрэсліў, што Езус з’яўляецца Пастырам усіх: вялікіх і малых, багатых і бедных, добрых і злых. Ён прыйшоў да ўсіх, а таксама памёр за ўсіх, нават за людзей, якія не вераць у Яго ці з’яўляюцца вызнаўцамі іншых рэлігій.

Мы маем аднаго Адкупіцеля, але існуе спакуса падзелаў. Папа падкрэсліў, што адметнасці могуць існаваць, але пры адзінстве Касцёла, бо мы ўсе маем аднаго пастыра – Езуса.

Няхай Пан вызваліць нас ад псіхалогіі падзелаў і дапаможа ўбачыць, што ўсе мы з’яўляецца братамі ў Езусе, адзіным Пастыры, - заклікаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.

 

04 мая 2020, 09:30
Увесь кантэнт >