Пошук

Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты 

Папа: Дух Святы прымушае нас быць цвярозымі ў Божых справах

Дух Святы дапамагае нам усё больш і больш разумець тое, што нам сказаў Езус, бо вера не з’яўляецца чымсьці статычным, яна пастаянна развіваецца ў адным кірунку, - заўважыў Францішак.

11 мая 2020 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі Святы Айцец пракаментаваў фрагмент Евангелля св. Яна (14, 21-26), у якім Езус кажа сваім вучням: “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, але Айца, які паслаў Мяне. Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшальнік, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам”.

Словы Хрыста ўтрымліваюць абяцанне Духа Святога, Які застаецца з намі і Якога Айцец і Сын пасылаюць суправаджаць нас. Яго называюць Паракліт, гэта значыць той, хто “падтрымлівае, суправаджае, каб не ўпасці, хто трымае цябе моцна, хто блізкі да цябе”, - патлумачыў Папа.

Затым Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што гэты евангельскі ўрывак выразна вызначае дзеянне Духа Святога: “навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам”.

“Ён вучыць нас таямніцы веры, вучыць нас уваходзіць у таямніцу, лепш разумець таямніцу, вучыць нас дактрыне Езуса, вучыць, як развіваць нашу веру без памылак, таму што дактрына развіваецца, але заўсёды ў тым самым кірунку: узрастае ў разуменні. І Дух дапамагае нам узрастаць у нашым разуменні веры, больш разумець яе і прасоўвацца ў разуменні таго, што кажа вера. Вера не статычная; дактрына не з’яўляецца статычнай: яна заўсёды развіваецца”, - сказаў Францішак.

“Дух Святы падобны на памяць, будзіць нас, прымушае нас заставацца цвярозымі ў Божых справах і нагадвае нам пра наша жыццё, калі мы сустрэлі Пана або калі пакінулі Яго”

, - адзначыў Святы Айцец.

“І ў гэтай памяці Дух Святы вядзе нас да зразумення таго, што нам трэба рабіць цяпер, які правільны шлях і што не так, нават падчас невялікіх рашэнняў. Калі мы просім у Духа Святога святла, Ён дапамагае нам вызначыць правільныя рашэнні, невялікія штодзённыя і больш сур’ёзныя”, - звярнуў увагу Францішак.

Папа нагадаў, што Евангеллі кажуць нам, што Дух Святы – не толькі Паракліт, але і дар Божы. “Няхай Пан дапаможа нам абараніць гэты дар, які даў нам у хросце і які мы ўсе нясём у сабе”, - пажадаў Святы Айцец у сваёй гаміліі.

Літургію завяршыла адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстычнае благаслаўленне. Францішак заклікаў вернікаў, якія ўдзельнічалі ў трансляцыі, прыняць св. Камунію духоўным чынам.

Запіс трансляцыі ранішняй св. Імшы (11.05.2020)
11 мая 2020, 11:56
Увесь кантэнт >