Пошук

Папа ля магілы св. Яна Паўла ІІ. Ілюстрацыйнае фота Папа ля магілы св. Яна Паўла ІІ. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: Ян Павел ІІ – чалавек міласэрнасці і справядлівасці

У 100-годдзе нараджэння св. Яна Паўла ІІ, 18 мая 2020 г., Францішак узначаліў св. Імшу ля магілы Папы, у капліцы св. Себасцьяна ватыканскай базылікі св. Пятра.

Літургія трансліравалася ў прамым эфіры ватыканскімі СМІ. Са Святым Айцом Эўхарыстыю канцэлебравалі: кардынал Анджэла Камастры, Папскі вікарый для Дзяржавы Ватыкан і архіпрэзбітэр базылікі св. Пятра, кардынал Конрад Краеўскі, Апосталькі элемазінарый, арцыбіскуп Пьера Марыні, кіраўнік Папскай службы літургічных цэлебрацый падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ, арцыбіскуп Ян Рамэа Паўлоўскі, кіраўнік Трэцяй секцыі Дзяржаўнага сакратарыята.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на словы рэспансарыйнага псальма: “Пан любіць свой народ”. Ён заўважыў, што, калі Пан з любові скіроўваў да ізраільцян прарока, яны казалі: “Пан адведаў свой народ”. Тое ж казалі і людзі, якія ішлі за Езусам, калі бачылі Яго цуды.

“Сёння мы можам сказаць: сто гадоў таму Пан адведаў свой народ, паслаў чалавека, падрыхтаваў яго стаць біскупам і весці Касцёл”

, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак звярнуў увагу, што св. Яну Паўлу ІІ былі ўласцівыя тры фундаментальныя рысы: малітва, блізкасць да народа і любоў да справядлівасці.

“Ян Павел ІІ быў Божым чалавекам таму што шмат маліўся”, нават нягледзячы на шматлікія абавязкі ў кіраванні Касцёлам. “Ён цудоўна ведаў, што першы абавязак біскупа – малітва” і выконваў яго.

“Ён з’яўляецца прыкладаў біскупа, які моліцца. Ён навучыў нас таму, што ў вячэрнім рахунку сумлення біскуп павінен спытацца ў сябе: колькі гадзін я маліўся сёння?”

, - зазначыў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што Ян Павел ІІ не трымаўся на адлегласці ад людзей, наадварот, заўсёды ішоў насустрач народу, для чаго “аб’ездзіў увесь свет”. “Блізкасць – гэта адна з рыс Бога ў адносінах да Яго народа”, - заўважыў Пантыфік.

“Пастыр – блізкі да народа. У адваротным выпадку ён проста іерарх, адміністратар, магчыма, нават добры, але не пастыр. Блізкасць да народа. Ян Павел ІІ даў нам прыклад такой блізкасці: быў побач з вялікімі і малымі, бліжнімі і далёкімі...”, - сцвердзіў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на любоў Яна Паўла ІІ да справядлівасці, у тым ліку ў сацыяльнай сферы і ў праблемах вайны і міру. “Ян Павел ІІ быў чалавекам міласэрнасці, бо справядлівасць і міласэрнасць неразлучныя, іх немагчыма аддзяліць адна ад адной”, - дадаў ён.

Францішак прыгадаў вялікі ўклад Яна Паўла ІІ у распаўсюджванне культу Божай міласэрнасці і св. Фаўстыны Кавальскай.

“Ён адчуваў, што Божая справядлівасць мае міласэрнае аблічча. Гэта дар, які ён пакінуў нам: справядлівасць-міласэрнасць і справядлівая міласэрнасць”

, - сказаў Пантыфік.

“Памолімся сёння, каб ён адарыў усіх нас, асабліва ўсіх пастыраў Касцёла, ласкай малітвы, ласкай блізкасці і ласкай справядлівасці-міласэрнасці, міласэрнасці-справядлівасці”, - завяршыў гамілію Францішак.

Св. Імша ў 100-годдзе з дня нараджэння Яна Паўла ІІ стала апошняй пасля 9 сакавіка, калі Францішак прыняў рашэнне аб штодзённых прамых трансляцыях набажэнстваў з капліцы Дома св. Марты. Гэта быў яго жэст салідарнасці з светам, які пакутуе ад пандэміі каронавіруса.

Запіс трансляцыі св. Імшы (18.05.2020)
18 мая 2020, 09:55
Увесь кантэнт >