Пошук

Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты Францішак падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты  (Vatican Media)

Святы Айцец пра містыку ўзаемнага “заставацца”

Без Езуса мы не можам нічога зрабіць, як галіны без лазы. І Ён без нас таксама, бо плод дае галіна, а не лаза, - адзначыў Францішак 13 мая 2020 г., падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты.

У гаміліі Святы Айцец пракаментаваў урывак Евангелля св. Яна (15, 1-8), у якім Езус кажа: “Я – сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой – вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Я – вінаградная лаза, вы – галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць”.

Папа заўважыў, што Збаўца некалькі разоў выкарыстоўвае слова “заставацца”, сігналізуючы нам, што хрысціянскае жыццё – гэта прабыванне ў ім, якое не быць пасіўным; гаворка ідзе пра актыўнае і ўзаемнае стаўленне: “Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім”.

Пантыфік заўважыў, што гэта ўзаемнае “заставацца” з’яўляецца таямніцай. Галіны нічога не могуць без вінаграднай лазы, для росту і плоданашэння ім патрэбныя сокі. Але таксама і дрэву патрэбныя галіны, бо плады з’яўляюцца менавіта на іх.

“Узаемная патрэба, узаемнае прабыванне, неабходныя для плоданашэння”

, - дадаў Папа.

“Хрысціянскае жыццё заключаецца ў выкананні запаведзяў: гэта трэба рабіць. Хрысціянскае жыццё ідзе па шляху благаслаўленняў: іх трэба рэалізаваць. Хрысціянскае жыццё заключаецца ў здзяйсненні міласэрнасці, як Пан вучыць нас у Евангеллі: гэта трэба рабіць. Але яно нешта большае: гэта ўзаемнае “заставацца”. Без Езуса мы не можам нічога зрабіць, як галіны без лазы. І Ён – дазволь мне сказаць гэта Пане - здаецца, без нас нічога не можа зрабіць, бо плод дае галіна, а не дрэва, лаза. Плённасць заключаецца ў гэтым узаемным існаванні”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што плодам з’яўляецца сведчанне хрысціянскага жыцця. “Езусу патрэбна наша сведчанне, каб Касцёл рос. І ў гэтым заключаецца таямніца ўзаемнага “заставацца”. Ён, Айцец і Дух, застаюцца ў нас, і мы застаёмся ў Езусе”, - сказаў ён.

Адносіны паміж намі і Хрыстом – гэта містычная сувязь, адносіны без слоў, уласцівыя не толькі абраным містыкам, але і кожнаму хрысціяніну

, - падкрэсліў Францішак.

“Няхай Пан дапаможа нам зразумець і адчуць містыку гэтага “заставацца”, на якім так моцна настойвае Езус. Вельмі часта, калі мы гаворым пра лазу і галіны, спыняемся на працы селяніна, Айца, Які ачышчае галіну, каб яна прынесла больш багаты плод, абразае няплодную. Гэта праўда, Ён гэта робіць, але гэта яшчэ не ўсё. Ёсць яшчэ нешта: выпрабаванні і цяжкасці жыцця, а таксама напамін, які дае Пан. Але не будзем на гэтым спыняцца. Паміж лазой і галінамі існуе ўнутранае “заставацца”. Нам, галінам, патрэбны сок, а лаза патрабуе пладоў, сведчання”, - сказаў Святы Айцец, абагульняючы гамілію.

Запіс трансляцыі ранішняй св. Імшы (13.05.2020)
13 мая 2020, 13:23
Увесь кантэнт >