Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі Папа падчас св. Імшы ў капліцы сваёй рэзідэнцыі  (ANSA)

Святы Айцец: Пан суцяшае праз блізкасць, праўду і надзею

Пан не выкарыстоўвае пустых слоў і аддае перавагу маўчанню, кажа няшмат, але знаходзіцца побач, - звярнуў вагу Францішак 8 мая 2020 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты.

У гаміліі Папа пракаментаваў словы Езуса да вучняў з Евангелля св. Яна (14,1-6): “Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. (…) І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце”.

Францішак нагадаў, што гэты словы Хрыстус прамовіў падчас Апошняй вячэры. Вучні былі смутныя, бо Езус расказаў пра тое, што будзе здраджаны адным з сваіх, але імкнуўся іх суцешыць. Паводле яго, ёсць розныя спосабы суцяшэння – ад самых шчырых да фармальных, такіх як, напрыклад, спачувальная тэлеграма.

“У гэтым фрагменце Евангелля мы бачым, што Пан заўсёды супакойвае праз блізкасць, праўду і надзею”

, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік патлумачыў, што “блізкасць – гэта стыль Бога”, які праявіўся таксама ў Яго ўцелаўленні. Пан “не выкарыстоўвае пустых слоў” і “аддае перавагу маўчанню”, кажа няшмат, але знаходзіцца побач.

Калі Бог суцяшае, Ён не звяртаецца да фармальнасці і няпраўды, маўляў: “Будзь спакойны, усё пройдзе, нічога не здарыцца...”. Езус не хавае праўды і прамаўляе адкрыта, і ў той жа час з лагоднасцю, каб не параніць, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа зазначыў, што суцяшаючы Езус напаўняе надзеяй. Прамаўляючы да вучняў, Ён заклікаў іх не трывожыцца і мець веру, бо ў доме Айца “шмат святліц”, а Ён ідзе падрыхтаваць месца для іх. “Ён першы ідзе, каб адкрыць дзверы той святліцы, у якую хоча прывесці нас”, - сказаў Францішак.

“Дазволіць Пану суцяшаць нас – нялёгка. Часта ў складаныя перыяды мы абураемся на Пана, не дазваляем Яму прыйсці і прамовіць да нас з такой пяшчотнасцю, блізкасцю, лагоднасцю, праўдай і надзеяй. Папросім Пана аб ласцы навучыцца адкрытасці да Яго суцяшэння. Суцяшэнне Пана – сапраўднае, не падманлівае. Яно не абязбольвае, але дорыць блізкасць і праўду, адкрывае браму надзеі”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.
 

08 мая 2020, 10:56
Увесь кантэнт >