Пошук

Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 

Пантыфік: хрысціянскае выхаванне – права дзяцей

Пакліканне ахрышчаных заключаецца ў тым, каб “заўсёды крочыць, як дзеці святла, трываючы ў веры”, падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 16 мая 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Завяршаючы цыкл катэхез аб сакрамэнце хросту, ён засяродзіў увагу на абрадзе ўручэння белага адзення і запаленай свечкі. Пераапрананне новаахрышчаных у белае адзенне практыкавалася ад першых стагоддзяў хрысціянства і сімвалізавала ззянне жыцця, атрыманага ў Хрысце і Святым Духу пасля хросту, і стварэнне чалавека нанова, паводле задумы Бога, у сапраўднай святасці, заўважыў Францішак. Новае адзенне сімвалічна выражае тое, што адбылося ў сакрамэнце

“Што азначае апрануцца ў Хрыста, нагадвае св. Павел; ён тлумачыць, якія цноты пакліканы развіваваць ахрышчаныя. “Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы. А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці”, - працытаваў Папа.

Гаворачы пра абрад уручэння запаленай свечкі, Францішак звярнуў увагу на тое, што ў гэты момант кажа святар: “Прыміце святло Хрыста”.

“[Не мы з’яўляемся святлом, а Езус Хрыстус, уваскрослы з памерлых, Які перамог цемру зла. Мы пакліканы прыняць Яго ззянне! Як полымя пасхала дае святло іншым свечкам, так любоў Уваскрослага Пана запальвае сэрцы ахрышчаных, напаўняючы іх святлом і цяплом. Таму з першых стагоддзяў хрост называўся “асвятленнем”, а ахрышчаныя называліся “асветленымі]”

- заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што ўсе ахрышчаныя пакліканы “заўсёды крочыць, як дзеці святла, трываючы ў веры”.

“[Калі гаворка ідзе пра дзяцей, то заданнем бацькоў і хросных з’яўляецца клопат аб падтрыманні ў іх полымя ласкі хросту, дапамагаючы ім трываць у веры. Хрысціянскае выхаванне – гэта права дзяцей!]”

- падкрэсліў Францішак.

“Жывая прысутнасць Хрыста, якую трэба ў нас захоўваць, бараніць і развіваць, з’яўляецца лямпай, што асвятляе нашы крокі, святлом, якое дае кірунак нашым рашэнням, полымем, што распальвае сэрца, што выходзіць на сустрэчу з Панам, робячы нас здольнымі дапамагаць тым, хто крочыць побач з намі, аж да непадзельнай еднасці з Ім. У той дзень, кажа Апакаліпсіс, “і ночы ўжо не будзе, і не будуць мець патрэбы ні ў святле лямпы, ні ў святле сонца, бо Пан Бог будзе свяціць над імі; і яны будуць валадарыць на векі вечныя”, - заўважыў Папа.

Агульная аўдыенцыя ў Ватыкане

Святы Айцец нагадаў, што ўдзяленне сакрамэнту хросту завяршаецца малітвай “Ойча наш”, уласцівай супольнасці Божых дзяцей. “Сапраўды, дзеці, народжаныя нанова праз хрост, атрымаюць паўнату дару Духа падчас бежмавання і будуць удзельнічаць у Эўхарыстыі, будуць вучыцца таму, што значыць звяртацца да Бога, называючы яго “Айцом”, - дадаў Пантыфік.

На заканчэнне сваёй катэхезы, Францішак, спасылаючы на сваю апошнюю Апостальскую адгартацыю “Gaudete et exsultate”, заклікаў вернікаў дазволіць, каб ласка, якую атрымалі ў хросце, прыносіла багатыя плёны на іх шляху да святасці.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

16 мая 2018, 12:49