Папа ўстанавіў адпусты з нагоды Сусветнай сустрэчы сем’яў
Адмысловы дэкрэт Апостальскай Пэнітэнцыярыі быў апублікаваны 21 мая 2018 г., у літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла.
Поўны адпуст змогуць атрымаць вернікі, пры ўмове выканання агульных практык: будучы ў стане ласкі, прыняўшы святую Камунію і памаліўшыся ў інтэнцыях Святога Айца, будучы вольнымі ад усялякай прывязанасці да якога-небудзь граху, нават лёгкага, пабожна прымуць удзел у якім-небудзь набажэнстве ў рамках Сусветнай сустрэчы сем’яў, у тым ліку ў яе ўрачыстым закрыцці.
Усе, у каго не будзе магчымасці ўзяць удзел у падзеі, змогуць атрымаць поўны адпуст пры тых жа ўмовах, калі, “духоўна яднаючыся з вернікамі, прысутнымі ў Дубліне, памоляцца ў сям’і “Ойча наш”, “Веру” і іншымі пабожнымі малітвамі” у інтэнцыі сем’яў, асабліва, калі словы Пантыфіка будуць трансліравацца праз тэлебачанне ці па радыё.
У дэкрэце Апостальскай Пэнітэнцыярыі адзначацца таксама, што частковы адпуст удзяляецца вернікам кожны раз, калі яны “са скрушаным сэрцам, ва ўзгаданы час будуць маліцца аб дабры сем’яў”.
Адпуст – гэта дараванне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана. Вернік атрымлівае яго пры пэўных умовах, для сябе самога або для памерлых, праз паслугу Касцёла, які, як той, хто раздае ласкі адкуплення, размяркоўвае скарб заслуг Хрыста і святых (Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, 312).