Святы Айцец здзейсніць пастырскі візіт на Сіцылію
Згодна з інфармацыяй Прэфектуры Папскага дома, паездка Францішка будзе прымеркавана да 25-годдзя з дня смерці бл. Піна Пулізі, італьянскага святара, які працаваў на Сіцыліі і за сваю дзейнасць 15 верасня 1993 г. быў забіты членамі мясцовых мафіёзных груповак.
Раней, узгадваючы постаць благаслаўлёнага, папа Францішак назваў яго “прыкладам да наследавання” ў барацьбе з мафіёзным менталітэтам. Дон Піна Пулізі аддана працаваў з моладдзю і сем’ямі жылых кварталаў сіцылійскага Бранкача, дзе выконваў сваё пастырскае служэнне. Там і быў забіты мафіяй у 56-гадовым узросце за сваю евангелізацыйную дзейнасць. У 2012 г. дон Піна быў прызнаны мучанікам, забітым з нянавісці да веры, а 25 мая 2013 г. беатыфікаваны.
Маўрыцыё Артале, кіраўнік заснаванага ў Палерма самім Піна Пулізі прытулку для непаўналетніх, раней завербаваных сіцылійскай сеткай арганізаванай злачыннасці, каментуючы запланаваны візіт Францішка, адзначыў, што Каталіцкі Касцёл на Сіцыліі ахоплены пачуццём удзячнасці і радасці з нагоды хуткай сустрэчы са Святым Айцом.