Пантыфік: малітва “Ойча наш” – формула хрысціянскай тоеснасці
Літургія прайшла ў Палацы кангрэсаў і выстаў “Palexpo”. У ёй прынялі ўдзел шматлікія прадстаўнікі швейцарскай каталіцкай супольнасці. У гаміліі Францішак спаслаўся на літургічнае чытанне з Евангелля паводле св. Мацвея (Мц 6,7-15), у якім Езус вучыць малітве “Ойча наш”.
“Толькі калі звяртаемся да Бога, кажучы “Ойча”, молімся на “хрысціянскай мове”. Молімся “па-хрысціянску”: не да абстрактнага Бога, але да Бога, які з’яўляецца Татам. “Сапраўды, Езус просіць нас казаць: “Ойча наш, каторы ёсць у небе”, а не “Бог нябесаў, які ёсць Айцом”, - заўважыў Папа.
Паводле яго слоў, малітва “Ойча наш” раскрывае хрысціянскую тоеснасць – тоеснасць умілаваных дзяцей. “Гэта формула, якая вырашае тэарэму самотнасці і праблему сіроцтва. Гэта ўраўненне, якое ўказвае нам, што рабіць: любіць Бога, нашага Айца, і іншых, нашых братоў. Гэта наша малітва, малітва Касцёла”, - дадаў ён.
“Калі кажам “Ойча наш”, мы сцвярджаем, што ніводная асоба нам не чужая, а перад абліччам шматлікага зла, што абражае вобраз Айца, мы, Яго дзеці, пакліканы рэагаваць як браты, як добрыя ахоўнікі нашай сям’і, і дзейнічаць так, каб не было абыякавасці ў адносінах да брата, кожнага брата: яшчэ ненароджанага дзіцяці, старога, які ўжо не размаўляе, знаёмага, якога не можам прабачыць, адчужанага бедняка”, - сказаў Пантыфік.
Працягваючы каментаваць галоўную хрысціянскую малітву, Францішак заўважыў, што прасіць аб штодзённым хлебе – значыць, казаць: “Ойча, дапамажы мне весьці больш простае жыццё”, бо для многіх сёння яно стала нібы “адурманеным”, стала бегатнінай з ранку і да вечара з тысячамі тэлефонных званкоў і смс-паведамленняў.
Малітва “Ойча наш” вучыць стрыманасці, вызваляе ад непатрэбнага баласту, навучае адмаўляцца ад мноства рэчаў, якія запаўняюць жыццё, але спустошваюць сэрца. Штодзённым хлебам з’яўляецца Езус Хрыстус. Ён – галоўны пасілак, неабходны, каб добра жыць, але мы часам зводзім Яго да “гарніру”, з іроніяй заўважыў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што малітва “Ойча наш” вучыць таксама прабачэнню. Прабачаць – цяжка, прызнаў Францішак, але Бог ўспрымае нашае прабачэнне як дар. “Прабачэнне абнаўляе, здзяйсняе цуды”, - дадаў Святы Айцец.
На завяршэнне гаміліі Францішак заклікаў швейцарскіх вернікаў прасіць Бога, “каб даў ласку не бараніцца з зачарсцвелай душой, чакаючы ініцыятывы ад іншага, але рабіць першы крок, у малітве, у братэрскай сустрэчы, у канкрэтнай праяве любові”.
Пасля св. Імшы Папа накіруецца ў жэнеўскі аэрапорт, адкуль выляціць у Рым. Яго прыбыццё ў Ватыкан чакаецца каля 22.00.